Вы тут

Аргкамітэт адклікаў заяўку на мітынг-канцэрт у Мінску на ўгодкі БНР

Мінск, сакавік 2020-га / Reuters

Аргкамітэт адклікаў заяўку на мітынг-канцэрт у Мінску на 102-я ўгодкі абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (адказу з Мінгарвыканкама яшчэ не было). Прычынай такога рашэння называецца распаўсюд каранавіруса і немагчымасць з-за гэтага гарантаваць бяспеку ўдзельнікам вулічнага мерапрыемства. Аргкамітэт просіць з разуменнем паставіцца да сітуацыі. "Падрыхтоўка мерапрыемства ва ўмовах, калі кожны дзень у Беларусі павялічваецца колькасць хворых на каранавірус, а афіцыйная інфармацыя аб распаўсюдзе віруса не выклікае даверу выглядае недарэчнай", — гаворыцца ў заяве.

Тым не менш, аргкамітэт абяцае, што "будзе вывучаць магчымасць правядзення мерапрыемства ў больш позні перыяд".

Сёлета ў аргкамітэт па святкаванні Дня Волі-2020 ўвайшлі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Рух “За Свабоду”, Беларуская партыя “Зялёныя”, аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і Аб’яднаная грамадзянская партыя. Заяўку падавалі на правядзенне мітынга-канцэрта ў нядзелю, 22 сакавіка. Раней ад правядзення вулічнай акцыі на ўгодкі БНР з тых жа прычын адмовіліся ў Гродне.

У Беларусі афіцыйна заяўлена пра 36 выпадкаў захворвання на каранавірус. Усе суседзі нашай краіны закрылі свае межы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.