Вы тут

Лукашэнка: свет звар'яцеў ад каранавіруса, а беларусы яго перажывуць

Reuters

16 сакавіка падчас кадравых прызначэнняў Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю з каранавірусам. Усе суседзі Беларусі закрылі межы з нашай краінай, апошняй была Расія. Лукашэнка заклікаў новапрызначаных кіраўнікоў мясцовых органаў улады не панікаваць.

"Вы бачыце: свет звар'яцеў ад каранавіруса ці, можа быць, на падставе ўсіх гэтых разважанняў па каранавірусе, цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — ...Мы гэтыя вірусы перажывалі, перажывем і гэты. Былі і больш складаныя вірусы: і свіны, і птушыны, і атыпічная пнеўманія...".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі адэкватна рэагуюць на сітуацыю з каранавірусам. "Беларусы проста малайцы!", — заявіў ён. Але тут жа і пакрытыкаваў за тое, што бегалі па аптэках і скуплялі медыцынскія маскі, спецадзенне і "нейкія лекі".

Высветлілася, што ў нашай краіне столькі выпусцілі масак, што гэтую прадукцыю "няма куды падзець".

"Легпрам патрабуе: аплаціце нам, — расказвае Лукашэнка. — А ахова здароўя гаворыць: нам столькі не трэба...".

Па словах беларускага кіраўніка, лішнія маскі, спецадзенне трэба прадаць у тую ж Германію, дзе іх "не хапае".

Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што каранавірус паўплываў на беларускую эканоміку. "Дайшло да таго, што наша родная Расія (падкрэсліваю) закрыла мяжу з Беларуссю", — сказаў ён. І дадаў: у Беларусі спакойная сітуацыя, а "Расія ўся палае ад каранавіруса". "Дык хто ад каго павінен закрывацца?", — спытаў у прысутных Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.