Вы тут

Арганізатары Vulitsa Ezha: Гурт Shuma за 30 хвілін да выступу змяніў умовы працы

Афіша Vulitsa Ezha

Арганізатары фэсту Vulitsa Ezha даслалі для Еўрарадыё афіцыйны каментар наконт сітуацыі з гуртом Shuma. 

Як паведамляла Еўрарадыё, прадстаўніца гурта спявачка Руся ў сацсетках раскрытыкавала арганізатараў фэсту. Па яе словах, музыкі пагадзіліся выступіць за палову ганарару, але прасілі забяспечыць добры гук і святло — не было ні таго, ні другога. Да таго ж, дадае Руся, у грымёрках не было ні вады, ні кавы для музыкаў.

У пісьмовым каментары арганізатараў фэсту, які даслала Еўрарадыё Юлія Іванчыкава, прэтэнзіі музыкаў разбіраюцца па пунктах.

Арганізатары заяўляюць, што ганарар за выступ абмяркоўваўся загадзя і музыкі гурта з ім пагадзіліся. "Магчыма, для гурта Shuma памер прапанаванага ганарару здаўся ніжэй за іх чаканні, але ўмовы арганізатара былі агучаныя і гурт іх прыняў. Нават з улікам таго, што за 30 хвілін да выступу ва ўльтыматыўнай форме гурт змяніў умовы сумеснай працы, мы пайшлі насустрач і выканалі патрабаванні артыста: гурт атрымаў свой ганарар у поўным памеры".
 
Наконт тэхнічнага райдэра, кажуць арганізатары, музыкі гурта Shuma не ўказалі ні магутнасць гуку, ні вытворцы тэхнікі: "Больш за тое, раніцай на саўндчэку ў гурта не было прэтэнзій ні да гукавога абсталявання, ні да гучання. За паўгадзіны да выступу гук стаў рэзка дрэнны і неадпаведны ўзроўню артыста".
 
Наконт побытавых умоваў, адзначаюць арганізатары Vulitsa Ezha, музыкі не выказалі ніякіх пажаданняў. "Але калі б у дзень мерапрыемства мы атрымалі запыт ад гурта, то без праблем забяспечылі б усім неабходным. На жаль, ніякіх запытаў і пажаданняў не паступіла", — дадаюць яны.
 
Таксама арганізатары фэсту абвяргаюць заявы Русі, абнародаваныя ў сацсетках: "Вытрымкі з размовы, якія Руся апублікавала ў fb, не адпавядаюць рэчаіснасці".

Арганізатары выказваюць шкадаванне з прычыны непаразуменняў з таленавітымі музыкамі.