Арганізатары “Басоў”: Бясплатныя візы будуць, але толькі разам з бас-турам

Як і ў мінулыя гады, наведвальнікам "Басовішча" будзе аказаная візавая падтрымка. Прадстаўніца аргамітэта Ілона Карпюк паведаміла Еўрарадыё, што паездкай і візамі зоймецца адна з мінскіх турфірм.

Зрабіць бясплатную візу для паездкі на фестываль самастойна сёлета не атрымаецца. Як патлумачыла спадарыня Ілона, гэта патрабаванне МЗС Польшчы.

“Будзе прадавацца паездка ў два бакі, на фэст і з фэсту, а сама віза будзе бясплатнай. Афармленнем дакументаў і візамі будзе займацца тая ж турфірма, якая прадае бас-тур. То бок, кожнаму, хто хоча прыехаць на "Басовішча" у Гарадок, дастаткова набыць бас-тур”.

Нагадаем, “Басовішча 2013” адбудзецца 19-20 ліпеня ў польскім мястэчку Гарадок. Сярод хэдлайнераў фестывалю — Pomidor/OFF, “Перкалаба”, Orkiestra Klezmerska Teatru Sejneńskiego, Akute, Re1ikt, Dzieciuki, The Toobes, Clover Club ды іншыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі