Аптымізацыя: за год настаўнікаў стала менш на 7 тысяч

“Пытанне працаўладкавання настаўнікаў вырашанае. Ніводнай скаргі да міністра ці да намеснікаў з месцаў не было”, — адказвае міністр адукацыі Сяргей Маскевіч на пытанне Еўрарадыё "Куды ўладкоўваць настаўнікаў з закрытых школ?".

Правяраем, ці сапраўды так лёгка было знайсці працу скарочаным настаўнікам. Ва ўпраўленні адукацыі Гомельскага аблвыканкаму кажуць пра “адзінкавыя выпадкі”, калі настаўнікі не ўладкаваліся.

“Гэта ж было запланавана. Настаўнікі працаўладкаваліся. Адзінкавыя выпадкі, можа, ёсць, але працу прапаноўвалі ўсім. Бывае, тыя, хто на пенсіі, сыходзяць. Калі б школу не закрывалі, яны б, можа, яшчэ папрацавалі”, — тлумачаць ва ўпраўленні.

Ва ўпраўленні адукацыі Гродзенскага аблвыканкаму скарочаных настаўнікаў параўноўваюць са скарочанымі чыноўнікамі. І ўпэўніваюць, што кожнаму на выбар прапаноўвалі некалькі вакансій. Але задаволілі не ўсіх.

“Не ўсіх гэтыя прапановы задавольваюць. Але прапановы не горшыя за тыя, што былі — ні ў заробку, ні ў статусе. Працэс аптымізацыі не просты, гэта ж жывыя людзі. Некаторыя і сышлі са школы, гэта натуральны працэс. Ёсць людзі, якія б хацелі ну вельмі добра ўладкавацца, з двайным павышэннем заробку”, — гавораць у аблвыканкаме.

І дадаюць, што ў людзей яшчэ тры месяцы: да кастрычніка вырашаюць, ці ўладкоўвацца на прапанаваныя вакансіі.

Базавая школа ў вёсцы Пралетарская Касцюковіцкага раёна з верасня не працуе: па адным вучні ў класе, няма каго вучыць. Настаўнікам прапанавалі іншыя вакансіі.

“Нас загадзя папярэдзілі. Усіх сабралі, сказалі, каб думалі, куды ўладкоўвацца. Пачала шукаць працу. Я спярша вырашыла пайсці у Цэнтр дзённага знаходжання інвалідаў. Там мяне ўжо чакалі. А зараз з’явілася месца ў другой касцюковіцкай школе, і мяне туды бяруць настаўнікам”, — расказвае Валянціна Гаўрунова, якая дагэтуль працавала ў школе ў вёсцы Пралетарская.

Але, як даведваецца Еўрарадыё, двое з закрытай школы ўсё ж сышлі з адукацыі: дырэктарка — на пенсію, а настаўнік фізічнай культуры — у іншую сферу.

Паводле міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, большасць педагогаў, што сыходзяць з адукацыйнай сферы, ідуць на пенсію. Сёлета па ўсёй краіне педагогаў, занятых у сярэдняй адукацыі, стала на 7 тысяч менш, чым было летась.

Нагадаем, аптымізацыя адукацыйнай сферы звязаная з павышэннем заробку настаўнікам на 25%. Але давядзецца і больш працаваць: цяпер, замест 18 гадзінаў на тыдзень, настаўнік мусіць адпрацоўваць 20. “Давядзецца адкрываць гурткі, весці факультатывы”, — адказваюць на гэта педагогі.

Фота: tverigrad.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі