Апазіцыйныя палітыкі пакінулі запіс у Кнізе скаргаў і прапаноў парламента

Пасля гадзіны знаходжання ў будынку Палаты Прадстаўнікоў выйшлі Анатоль Лябедзька і Валянціна Палевікова. Нагадаем, што прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў панеслі да дэпутатаў зварот людзей супраць адмены сацыяльных ільготаў, пад якім падпісалася болей за 40 тысяч беларусаў. Перад тым, як пусціць палітыкаў у будынак парламента, спецназ і людзі ў цывільным паспрабавалі выцесніць іх з прылягаючай пляцоўкі. Валянціна Палевікова, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, лічыць, што такім чынам улада паказала, што баіцца сваіх выбаршчыкаў:

Валянціна Палевікова: “Што за народны парламент, у які нельга прыйсці выбаршчыкам і сустрэцца са сваімі дэпутатамі. Мы пакінулі подпісы супраць адмены сацыяльных ільготаў, але мне падаецца, што нікому яны не патрэбныя. Таму што іх нават лічылі пакетамі, а не па адным”.

Да апазіцыйных палітыкаў так і не выйшаў ніводзін дэпутат. Зварот да народных абраннікаў прынялі ў канцылярыі Палаты прадстаўнікоў. Адзінае, што зрабілі палітыкі – пакінулі запіс у Кнізе скаргаў:

Валянціна Палевікова: “Прадстаўніца канцэлярыі, а потым нейкі клерк доўга шукаў кнігу скаргаў і прапаноў. Пасля таго, як нам яе вынеслі, мы запісалі ўсё, што хацелі. Дарэчы, у гэтай кнізе раней былі толькі адныя падзякі. Цяпер там з’явілася першая скарга”.

Надалей палітыкі збіраюцца прыцягнуць увагу да сацыяльных праблем як мага большую колькасць людзей:

Валянціна Палевікова: “Трэба працягваць, трэба, каб больш людзей зацікавіліся гэтай праблемай. Таму што насамрэч нас усе падтрымліваюць. Трэба людзям тлумачыць, несці інфармацыю, размаўляць з імі, збіраць подпісы пад зваротам. І падчас Сацыяльнага марша хацелася б, каб людзей гэта кранула яшчэ больш”.

Насамрэч цяжка сабе ўявіць, каб дэпутаты спынілі сваё першае пасяджэнне па прычыне прыходу ў парламент спадара Лябедзька і спадарыні Палевіковай...






Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі