Вы тут

Апазіцыя працягне праймерыз без Севярынца

Удзельнікі і арганізатары праймерыз / nn.by

Апазіцыйныя праймерыз па выбары адзінага кандыдата працягнуцца нават пасля выхаду з іх Паўла Севярынца. І аргкамітэт партыі БХД, які вылучаў кандыдатуру Севярынца, працягне ўдзельнічаць у апазіцыйнай кааліцыі. Пра гэта ў каментары Еўрарадыё заявіў сустаршыня партыі Віталь Рымашэўскі: "Я шкадую пра рашэнне Паўла. Праймерыз працягваецца. БХД застаецца. Афіцыйныя рашэнні прыйдуць у адкрытым лісце. Мы з Паўлам размаўлялі". 

Як паведамлялася раней, Севярынец заявіў, што выходзіць з працэдуры праймерыз. Сваё рашэнне ён патлумачыў тым, што арганізатары працэдуры не адмаўляюцца ад паездак па рэгіёнах падчас распаўсюду каранавіруса, і тым, што на сходы прыходзяць чыноўнікі — нібыта, каб прагаласаваць па разнарадцы за таго ці іншага кандыдата. 

Прадстаўнік БСДП (Грамада) Аляксей Сігаеў у гутарцы з карэспандэнтам Еўрарадыё заявіў, што лёс праймерыз будзе залежыць ад сітуацыі з распаўсюдам каранавіруса: "Пакуль мы прынялі рашэнне аб спыненні працэдуры выбару кандыдатаў па рэгіёнах мінімум на два тыдні. Заўтра апошняя сустрэча ў Баранавічах"

Па яго словах, галасаванне можа перайсці ў інтэрнэт: "Мы плануем запусціць сайт. Але праз тое, што колькасць удзельнікаў змяншаецца, могуць узнікнуць нейкія тэхнічныя моманты". 

Удзел у праймерыз працягне яшчэ адна сустаршыня БХД — Вольга Кавалькова. "БХД удзельнічае. Ёсць партыйнае рашэнне. У сацыял-дэмакратаў няма кандыдатаў, але яны ўдзельнічаюць. Гэта кааліцыя. Кожная арганізацыя магла вылучаць кандыдата, магла — не... Я працягваю як кандыдат, якога вылучыла не партыя, а людзі", — патлумачыла Кавалькова ў гутарцы з Еўрарадыё.
 
Тлумачыць рашэнне Севярынца пра выхад з праймерыз яна не стала: "Мне складана сказаць, чаму Паша зрабіў свой выбар. Мы на гэты конт не размаўлялі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.