Вы тут

Антон Кушнір падпісаў праўладны ліст: не магу сказаць, што разбіраюся ў палітыцы

Антон Кушнір / noc.by

Пад праўладным лістом спартоўцаў з'явіліся новыя подпісы. Як паведамляецца на сайце Нацыянальнага алміпійскага камітэта, пад ім падпісаліся фрыстайліст, алімпійскі чэмпіён 2014 года Антон Кушнір, фехтавальшчык, алімпійскі чэмпіён 1980 года Мікалай Алёхін, чэмпіёнка свету па сучасным пяцібор'і Настасся Пракапенка, чэмпіёнка Еўрапейскіх гульняў па жаночай барацьбе Васіліса Марзалюк, а таксама маці гімнаста Віталя Шчэрбы — Валянціна Мікалаеўна. 

Фрысталіст Антон Кушнір у сваім тлумачэнні шчыра заявіў, што ў палітыцы не разбіраецца, а проста хоча паўдзельнічаць у Алімпіядзе.

"Не магу сказаць, што разбіраюся ў палітыцы. Аднак я ажыццявіў сваю мару — заваяваў залаты алімпійскі медаль, і, вядома, у маёй падрыхтоўцы ёсць заслуга нашай краіны. У Беларусі ўважліва ставяцца да спартоўцаў і падтрымліваюць іх. На шчасце, мне ўдалося выступіць на Алімпійскіх гульнях, але спартоўцы старэйшага пакалення добра памятаюць 80-я, калі была іншая сітуацыя, не ва ўсіх атрымалася прыняць удзел у галоўных стартах чатырохгоддзя па незалежных ад іх прычынах. У атлета нельга адабраць мару выступіць на Гульнях", — перадае прэс-служба НАК словы Кушніра.

Дарэчы, амаль усе вядучыя прадстаўнікі беларускага фрыстайла паставілі свае подпісы пад іншым лістом — супраць гвалту і за правядзенне новых сумленных выбараў. Сярод падпісантаў гэтага ліста — галоўны трэнер зборнай Мікалай Казека, звольнены за погляды экс-дырэктар РЦАП па фрыстайле Вадзім Крывашэеў, Ганна Гуськова, Аляксандра Раманоўская і алімпійскі прызёр Дзмітрый Дашчынскі. Агулам пад лістом супраць гвалту пакінулі подпісы больш за 1200 спартоўцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.