Англійскую мову абітурыенты ведаюць лепш за беларускую і рускую

Падчас цэнтралізаванага тэставання некаторыя адгадвалі заданні з дапамогай гульнявых кубікаў, а нехта пісаў на бланках нецэнзурныя словы.
Сёлетнія абітурыенты здалі цэнтралізаванае тэставанне горш, чым летась. Самыя лепшыя сярэднія балы былі па англійскай мове ― 38, больш за 35 балаў былыя школьнікі, ліцэісты і гімназісты набралі па геаграфіі, гісторыі, грамадазнаўстве. А вось беларускую і рускую мову здалі ў сярэднім на 31 бал. 

Каля 600 юнакоў і дзяўчат зусім не атрымаюць сертыфікаты ― тэставанні яны напісалі на нуль балаў. Больш за ўсё нулявых вынікаў па матэматыцы і фізіцы. А вось на сто балаў у гэтым годзе здалі толькі 84 абітурыенты.

"Гэта азначае, што за той час які даецца, выканаць гэтыя заданні магчыма", ― адзначыў кіраўнік рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Фяськоў на прэс-канферэнцыі ў Мінску.



Дарэчы, здаваць беларускія тэсты сёлета прыйшлі 514 замежнікаў, з якіх 426 ― расіяне. Як распавёў Мікалай Фяськоў, прымаюць нашы тэсты і некаторыя расійскія ВНУ.

"У нас штогод прыбягае групка людзей, якім хутчэй трэба забраць сертыфікаты. Яны іх вязуць у Санкт-Пецярбург і вобласць. Там вынікі тэстаў па 15-20 балаў, яны іх туды вязуць. Там рэктарат можа залічваць па выніках нашага тэставання. У нас такога няма". 

Дарэчы, як адзначыў Фяськоў, некаторыя абітурыенты сыходзілі з тэстаў у першыя паўгадзіны, а іншыя рашалі тэст з дапамогай гульнявых кубікаў: якая лічба выпадае ― такі адказ. Такім метадам некаторым абітурыентам удавалася набраць нават 40 балаў!

"Хто карыстаецца метадам угадвання, сыходзіць у першыя паўгадзіны. Праз гадзіну сыходзяць тыя, хто робіць элементарныя заданні, апошнюю гадзіну сядзяць тыя, хто і атрымоўвае вось гэтыя сярэднія балы".

Мікалай Фяськоў заўважыў, што ў Мінску і Віцебску былі выпадкі, калі абітурыенты выкарыстоўвалі бланкі адказаў для ЦТ "не па прызначэнні". Яны пісалі нецэнзурныя словы ў адрас цэнтра. 

"Раней мы гэтага не заўважалі. Але ў гэтым годзе мы на іх склалі заявы ў міліцыю. Гэтыя асобы ўжо вядомыя, я думаю, міліцыя з імі разбярэцца".

Тым не менш, у гэтым годзе колькасць парушальнікаў зменшылася. З тэстаў выгналі толькі 55 чалавек за мабільнікі. Але, па словах Фяскова, гэтыя парушэнні нязначныя, часта людзі проста забывалі выкласці і адключыць тэлефон.

"Праносіць і выкарыстоўваць сродкі сувязі недапушчальна. Большая частка ― гэта тыя, хто праносіў. Мне, з пункту гледжання чалавека, іх шкада, але, як адміністратар, я задаволены. З 55 чалавек, гэта не шмат, у іх працаваў тэлефон. Ці ён машынальна забываў і даставаў, ці ён быў не на вібрацыі і сігнал пайшоў - яны былі выдаленыя. Нельга - значыць нельга, трэба прывучаць, што такі парадак".

Разам з парушальнікамі зменшылася і колькасць тых, хто не з'явіўся ― гэта 2% ў параўнанні з мінулымі 8-10%.

У гэтым годзе ў тэставанні паўдзельнічалі 172 тысячы чалавек, якія здалі 466 тысяч тэстаў. Апошнія сертыфікаты з рэзервовых дзён пачнуць выдаваць 8 ліпеня, а забраць сертыфікаты па ЦТ можна да канца года.

Еўрарадыё вырашыла запытацца ў мінчукоў, чаму нашы абітурыенты так кепска здаюць ЦТ?


Фота: naviny.by, Віталь Ругайн

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі