Андрэй Макарэвіч запісаў відэа ў падтрымку беларускага журналіста

Андрэй Макарэвіч / ТАСС

Лідар гурта "Машина времени" Андрэй Макарэвіч запісаў відэа ў падтрымку беларускага журналіста Андрэя Скурко. Пра гэта расказвае рэсурс by_culture.

"Я жадаю вам, і самому сабе, і ўсім нам, каб гэтае трызненне скончылася яшчэ хутчэй, чым мы думаем. А па-іншаму і быць не можа", — сказаў у звароце да Скурко Андрэй Макарэвіч.

Сябры кажуць, што Скурко вельмі паважае і шануе лідара гурта "Машина времени". "Гэта першы музыка, якога ён памятае з дзяцінства. Калі б не гітарны пройгрыш у песні "Флюгер", то ён, можа, музыкай і не зацікавіўся б", — расказваюць яны. Акрамя журналістыкі Скурко граў у групе "Цмокі". Быў бас-гітарыст і пісаў тэксты песень.

Былы галоўны рэдактар "Нашай Нівы" і аўтар часопіса "Наша гісторыя" Андрэй Скурко знаходзіцца ў зняволенні з ліпеня мінулага года. Яго абвінавацілі ў "нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу" і асудзілі на 2,5 года калоніі.  Прэтэнзія следства заключалася ў тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання, дзе размяшчалася рэдакцыя, аплачвалася па тарыфах для фізічных асоб.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.