Анамальная спёка захаваецца ў Беларусі да канца жніўня

А з-за перападаў тэмператур нас чакаюць дажджы, град і моцны вецер. І толькі ў верасні сіноптыкі абяцаюць камфортнае надвор’е. Спёка зноў вяртаецца ў Беларусь. На выхадных тэмпература паветра на поўдні Беларусі будзе даходзіць да 39 градусаў.

Пасля невялікай палёгкі 11 жніўня зноў да нас прыйдзе спякотнае паветра з тэрыторыі Расіі. Пра гэта расказаў начальнік службы гідраметэрэалагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметцэнтра Дзмітрый Рабаў:

“Ужо заўтра ўдзень тэмпература паветра складзе да 35 градусаў у паўднёва-заходніх раёнах. Далей тэмпература будзе павышацца, і пік спёкі прыпадзе на выходныя — удзень 31-37 градусаў, а на паўднёвым захадзе да 39. Такое ж надвор’е захаваецца і на пачатку наступнага тыдня”.

З 19 жніўня спёка паціху пойдзе на спад, але сярэдняя тэмпература ўсё адно будзе вышэй за норму. І толькі ў верасні надвор’е стане камфортным і будзе адпавядаць кліматычнай норме.

Найбольш камфортнай для чалавека з’яўляецца тэмпература 15-25 градусаў цяпла. Сёлета ў Беларусі колькасць вельмі спякотных дзён з тэмпературай 30 градусаў і вышэй у 4-5 разоў больш чым звычайна. З-за спёкі чалавек адчувае вельмі вялікі дыскамфорт, распавялі спецыялісты падчас прэс-канферэнцыі “Забеспячэнне гідраметэаралагічнай бяспекі ва ўмовах пераменлівага клімата”.

Еўрарадыё запытала людзей на вуліцах Мінску, як яны змагаюцца з такой анамальнай спёкай.

— Вельмі дрэнна змагаемся з гэтай спёкай — проста не вылазім з душа. Пры кожнай магчымасці ідзем у душ.
— А мы з сельскай мясцовасці, нам лягчэй — у халодным драўляным доме. Але ўсё адно цяжка…
— Вада, рака, возера… Хаваемся і галаўныя ўборы носім.
— Цяжка пераносіць, вельмі цяжка. Але ўжо нагрэемся на 5 год наперад.

У сувязі з тым, што зноў чакаецца такое спякотнае надвор’е, ёсць вялікая небяспека пажараў. Дзмітрый Рабаў заклікаў беларусаў быць ахайнымі на гэтых выхадных.

Рабаў:
“Чакаецца пяты клас пажаранебяспечнасці — гэта самая высокая гарымасць. Хацелася б усіх папярэдзіць загадзя, тым больш, што самая спёка будзе на выхадных: беражыце лес, каб у нас не было так, як у Расіі”.

Цікава, што такога спякотнага надвор’я ў Беларусі не было ажно з 1946 года. І калі ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях яшчэ больш-менш спрыяльная тэмпература, то на ўсходзе Беларусі пабітыя шматлікія рэкорды па абсалютных значэннях тэмпературы, кажа дырэктар дэпартамента па гідраметэаралогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў Марыя Герменчук:

“Пабіты рэкорд 1946-га года — 38 градусаў, які быў зафіксаваны ў горадзе Васілевічы. Сёлета максімальны ўзровень быў зафіксаваны ў Гомелі — гэта 39,2 градусы”.

Калі ў адной частцы краіны тэмпература 20-22 градусы, а на астатняй частцы дасягае 39 градусаў — не пазбегнуць дажджоў, моцных парываў ветру і граду.

“Мы ўвесь час гэта прагназуем. І мы не радуемся, што нашыя прагнозы спраўджваюцца”, — адзначыла спецыяліст.



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі