Аналітыкі: Новым Генсакратаром ААН можа стаць жанчына з Усходняй Еўропы

Аналітыкі: Новым Генсакратаром ААН можа стаць жанчына з Усходняй Еўропы

31 снежня 2016 года завяршаецца другі тэрмін Пан Гі Муна на пасадзе Генеральнага сакратара ААН. Паводле негалоснага правіла, на трэці тэрмін ён застацца не можа. Да гэтай даты мусіць быць названае імя новага кіраўніка арганізацыі.

Сама працэдура выбару Генсека закрытая, перад рашэннем Савета Бяспекі звычайна праводзіцца шэраг нефармальных абмеркаванняў і серыя рэйтынгавых галасаванняў.

Акрамя таго, любы з пяці пастаянных сябраў Савета можа пры галасаванні скарыстацца правам вета. Негалоснае правіла — Генеральным сакратаром не можа быць прадстаўнік ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая, Расіі ці Францыі.

Аналітыкі: Новым Генсакратаром ААН можа стаць жанчына з Усходняй Еўропы
Злева направа: Хелен Кларк, Ірына Бокава, Крысталіна Георгіева, Даля Грыбаўскайтэ. Фота: elle.com, GETTY

Аналітыкі выказваюць меркаванне, што магчымымі кандыдатамі на найвышэйшую пасаду ААН могуць стаць прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, еўракамісар па бюджэце і чалавечых рэсурсах Крысталіна Георгіева з Балгарыі ці яе суайчынніца Ірына Бокава —  дырэктарка ЮНЕСКА. Таксама сярод магчымых кандыдатаў — міністр замежных і еўрапейскіх справаў Харватыі Весна Пусіч, прэзідэнтка Чылі Мішэль Бачалет, першы афрыканскі лідар-жанчына, кіраўнік Ліберыі Элен Джонсан Серліф,  адміністратарка Праграмы развіцця ААН з Новай Зеландыі Хелен Кларк. Магчымай кандыдатурай таксама называюць канцлерку Германіі Ангелу Меркель.

Аналітыкі: Новым Генсакратаром ААН можа стаць жанчына з Усходняй Еўропы
Злева направа: Весна Пусіч, Элен Джонсан Серліф, Ангела Меркель. Фота: elle.com, GETTY

Гэта першы раз у гісторыі, калі галоўнымі кандыдатамі на пасаду кіраўніка ААН з’яўляюцца жанчыны.

Некаторыя аналітыкі называюць фаварытам прэзідэнта Літвы Далю Грыбаўскайтэ і канцлерку Германіі Ангелу Меркель

Прафесар віленскага Інстытута міжнародных адносінаў і палітычных навук Томас Янелюнас кажа пра нізкую імавернасць таго, што Даля Грыбаўскайтэ зойме найвышэйшую пасаду ААН. Бо моцнай перашкодай гэтаму будзе яе другі прэзідэнцкі тэрмін, які пачаўся ў 2014 годзе.

“У сваёй перадвыбарнай кампаніі на другі тэрмін Даля Грыбаўскайтэ заяўляла, што не збіраецца змяняць сваю пасаду прэзідэнта на іншыя ў міжнародных арганізацыях і ўсе найбліжэйшыя 5 гадоў яна будзе на пасадзе прэзідэнта Літвы”, — кажа прафесар.

Аналітыкі: Новым Генсакратаром ААН можа стаць жанчына з Усходняй Еўропы

Працэс выбару Генеральнага сакратара закрыты, але калі б Грыбаўскайтэ жадала заняць гэтую пасаду, ужо была б арганізаваная шырокая доўгатэрміновая кампанія ў падтрымку яе кандыдатуры, мяркуе прафесар, а яе няма.

А вось, што да кандыдатуры Ангелы Меркель, ёй сабраць кампанію ў сваю падтрымку будзе прасцей. Аналітыкі называюць яе амбіцыйным палітыкам міжнароднага ўзроўню і выказваюць меркаванні, што менавіта пасада Генсакратара была б найбольш удалым працягам яе кар’еры.

Найважнейшым аргументам стане яе ўласная пазіцыя ў гэтым пытанні. То бок ці гатовая яна пакінуць у найбліжэйшай будучыні пасаду канцлера, а таксама сваю партыю без лідара. Гэта залежыць не толькі ад яе самой, але і ад пазіцыі яе партыі”, — мяркуе прафесар.

Тым больш у Германіі хутка таксама выбары, а у партыі Меркель ёсць пэўныя рознагалоссі. На думку палітолага, наўрад ці ў такі складаны час яна пакіне сваіх аднапартыйцаў.

Аналітыкі: Новым Генсакратаром ААН можа стаць жанчына з Усходняй Еўропы
31 снежня 2016 года завяршаецца другі тэрмін Пан Гі Муна на пасадзе Генеральнага сакратара ААН. Фота: ukrinform.ua

Янелюнас згодны з меркаваннем аналітыкаў пра тое, што цяпер самы час зрабіць Генеральным сакратаром жанчыну, але не ўпэўнены, адкуль будзе будучы кіраўнік арганізацыі.

Усходняя Еўропа — маленькі рэгіён, а большасць краінаў ААН знаходзіцца ў Азіі і Афрыцы. Там палітыкі з нашага рэгіёна не маюць такой вагі. Менавіта гэта і замінала ім увесь час заняць пасаду Генсакратара.

Яшчэ адной перашкодай, мяркуе палітолаг, можа стаць патэнцыйная пазіцыя Расіі. Калі б кандыдат быў з краіны, якая займае выразную антырасійскую пазіцыю, на яго кандыдатуру проста наклалі б вета.

Менавіта таму ў малавядомых “шэрых” палітыкаў часта больш шанцаў заняць пасаду Генеральнага сакратара ААН, чым у харызматычных і вядомых на ўвесь свет.

Фота: Huffington Post

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі