Амерыканскі Макдональдс зачыніў дзверы для аматараў прыспушчаных штаноў

Раней у гэтыя рэстараны хуткага харчавання не пускалі босых і без кашулькі. Цяпер дрэс-код дапоўніўся новымі патрабаваннямі, інфармуе РИА Новости. У паведамленні для наведнікаў сказана, што яны павінны захоўваць прыстойнасць і павагу да іншых. “Ніхто не хоча бачыць вашу ніжнюю бялізну”, — кажа адзін з менеджэраў Макдональдсу.





Нашэнне прыспушчаных штаноў ужо выклікала палеміку пасля таго, як у ліпені ўлады горада Уайлдвуд, штат Нью-Джэрсі, забаранілі людзям гуляць па грамадскіх тратуарах у такім выглядзе. Такі ўчынак караецца штрафам — ад 25 да 100 долараў і да 200 долараў за паўторнае парушэнне, а таксама грамадскімі працамі (да 40 гадзінаў). У гарадскім законе ўдакладняецца, што штаны не павінны апускацца ніжэй за 7,5 сантыметра ад узроўню клубаў.



Мода на прыспушчаныя штаны — saggy pants — узнікла ў амерыканскіх турмах, дзе выдадзеная вязням вопратка часта не пасавала ім па памеры. У гэтым выпадку штаны пры хадзьбе апускаліся ніжэй таліі, бо зняволеным забароненыя рэмені і падцяжкі.