Амбасадар Юханесан распавяла, чаму не загаворыць па-беларуску так, як Эрыксан

Амбасадар Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан пакуль што гаворыць па-руску, але збіраецца вучыць беларускую мову. Пра гэта яна паведаміла ў эфіры Еўрарадыё.

Дарэчы, папярэдні пасол Швецыі ў нашай краіне Стэфан Эрыксан выдатна гаварыў па-беларуску. Новы амбасадар прызнаецца, што на ўзроўні Эрыксана яна беларускай мовай авалодаць не здолее: "Я ведаю Стэфана Эрыксана вельмі даўно. Ён і па-руску гаворыць бездакорна. Можа, і па-французску... У яго талент да моваў. Так, як ён гаворыць, я не змагу ніколі".

Што да беларускай літаратуры, то яе Юханесан чытала ў шведскіх перакладах. Найперш, вядома, творы нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч — "Цынкавыя хлопчыкі" і "Чарнобыльскую малітву".