Амбасадар Вялікабрытаніі: ЕС не вядзе барацьбы з Расіяй за Беларусь

Еўрапейскі Саюз ніяк не спаборнічае з Расіяй за тое, каб уцягнуць Беларусь у сваю сферу ўплыву. Пра гэта заявіў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс, завяршаючы сваю дыпламатычную місію. Дыпламат адзначыў, што гэта хібны і шкодны спосаб мыслення. Па ягоных словах, ЕС — гэта інстытут XXI стагоддзя, а не дзяржава XIX стагоддзя. "Мы былі б радыя бачыць, што ў Беларусі складваюцца выдатныя адносіны як з ЕС, так і з іншымі краінамі", — перадае "Інтэрфакс" словы Найджэла Гулд-Дэвіса.

Амбасадар таксама адзначыў, што больш шчыльныя адносіны з ЕС могуць дапамагчы Беларусі ўмацаваць свой суверэнітэт. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў Беларусі ўсё яшчэ адбываюцца рэчы, якія часам замінаюць прагрэсу ў супрацоўніцтве Беларусі з Еўрасаюзам.