Вы тут

Амбасада ЗША ў Мінску заклікае запасацца ежай і лекамі мінімум на тры дні

Пратэсты ў Беларусі / Еўрарадыё

У сувязі з штодзённымі пратэстамі, якія праходзяць у Беларусі, а таксама ультыматумам Святланы Ціханоўскай 26 кастрычніка, амбасада ЗША раіць сваім грамадзянам паклапаціцца пра сваю бяспеку. Яны заклікаюць пазбягаць публічных дэманстрацый, сачыць за абнаўленнямі ў мясцовых медыя і за мясцовай сітуацыяй.

Таксама пасольства лічыць, што неабходна назапасіцца як мінімум трохдзённым запасам ежы, вады, лекаў, грошай і іншых прадметаў першай неабходнасці на выпадак надзвычайных сітуацый.

І заўсёды мець пры сабе пасведчанне асобы, уключаючы пашпарт ЗША з дзеючай беларускай візай ці дзеючым штампам аб бязвізавым уездзе.

"Сходы, якія носяць мірны характар, могуць хутка перарасці ў канфрантацыю і гвалт. Акрамя таго, гэтыя дзеянні могуць выклікаць перабоі ў працы грамадскага транспарту, затрымкі руху або перакрыцце вуліц, а таксама ўзмацненне прысутнасці міліцыі каля месцаў правядзення мітынгаў", — гаворыцца ў заяве амбасады ЗША.

На мінулым тыдні быў абвешчаны "Народны ультыматум" з заклікам да ўраду Беларусі выканаць пэўныя патрабаванні да 25 кастрычніка. У рамках ультыматуму, у выпадку невыканання патрабаванняў, таксама былі абвешчаныя наступствы: пратэсты, забастоўкі, блакаванне дарог і іншае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.