Амбасада Чэхіі — пра чэшскія святлашумавыя гранаты на акцыях у Мінску

Амбасада Чэхіі — пра чэшскія святлашумавыя гранаты на акцыях у Мінску

Амбасада Чэхіі ў Беларусі пракаментавала звесткі пра выкарыстанне чэшскіх святлашумавых гранат супраць пратэстоўцаў у Мінску ў ноч на 10 жніўня. 

Пасля таго, як беларускія сілавікі ўжылі спецсродкі супраць мітынгоўцаў, апублікаваны фатаздымкі святлашумавых гранатаў. Гэта чэшская прадукцыя, на іх бачная дата выпуску — 2012 год. 

Між тым з 2011-га Еўрасаюз увёў супраць беларускіх уладаў санкцыі, якія ўключалі эмбарга на пастаўку зброі і прадукцыі вайсковага прызначэння. Гэтае эмбарга не адмененае дагэтуль.

У сваім каментары наконт святлашумавых гранатаў амбасада Чэхіі заяўляе, што ніводная чэшская кампанія пастаўкай гэты гранат у Беларусь не займалася. Але не выключана, што маглі дзейнічаць фірмы з трэціх краін:

"Міністры замежных спраў краін — чальцоў Еўрапейскага Саюза 17 лютага 2020 г. вырашылі працягнуць да 28 лютага 2021 года рэжым эмбарга на вываз зброі і іншых матэрыялаў, якія б беларускі рэжым мог выкарыстаць для рэпрэсій супраць уласных грамадзян. Дадзенае эмбарга дзейнічае з 2011 года, і Чэшская Рэспубліка яго цалкам выконвае і не дае ні дазволу, ні ліцэнзіі для вывазу матэрыялу ваеннага прызначэння ў Рэспубліку Беларусь.

Ні адзін суб'ект гаспадарання ў Чэшскай Рэспубліцы не з'яўляецца уладальнікам дазволу на вываз ваеннага матэрыялу ў Рэспубліку Беларусь, таму не можа прасіць пра ліцэнзію на рэалізацыю канкрэтнай здзелкі па вывазе ваеннага матэрыялу ў РБ. Калі б чэшская кампанія рэалізавала экспарт ваеннага матэрыялу з Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліку Беларусь, то яна б здзейсніла крымінальнае злачынства.

Дзяржаўныя органы Чэшскай Рэспублікі ажыццяўляюць кантроль за выкананнем эмбарга за кошт трывалай сістэмы кантролю за экспартам ваеннага матэрыялу. Гэта не азначае, аднак, што ў РБ не можа знаходзіцца прадукцыя чэшскага або чэхаславацкага паходжання, якія маглі быць увезеныя ў РБ да пачатку дзеяння санкцый ЕС, або магчыма ў рамках супрацоўніцтва краін — чальцоў Варшаўскай дамовы. Таксама нельга выключыць магчымасць завозу гэтай прадукцыі з трэціх краін з іх згоды, але без згоды чэшскага боку".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі