Аляксандр Казулін патрабуе поўнай рэабілітацыі і кампенсацыі ў 2 млн еўра

Аляксандр Казулін запатрабаваў ад уладаў сваёй поўнай рэабілітацыі, а таксама вызвалення Андрэя Кіма і прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча. На яго думку, толькі гэта будзе сведчыць пра рэальныя крокі ўладаў на шляху да дэмакратызацыі. Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай прэс-службай палітыка.

"Я прымаю вызваленне як знак справядлівасці, але не магу прыняць памілаванне з маральных меркаванняў — я не здзяйсняў крымінальных дзеянняў", — сказаў Аляксандр Казулін.

Разам з тым Вольга Казуліна, дачка палітыка, а таксама яго колішні адвакат Ігар Рынкевіч падалі ў камісію ААН па правах чалавека дакументы з просьбай аб поўнай рэабілітацыі былога палітвязня.

У размове з Еўрарадыё, Ігар Рынкевіч адзначыў, што ў дакументах змяшчаецца інфармацыя пра парушэнні артыкулаў міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у дачыненні да Аляксандра Казуліна.

“Аляксандр Казулін не прызнае сябе вінаватым, ставіць пад пытанне гэту форму памілавання і апелюе да міжнародных інстанцый (у працяг таго, што было раней) з мэтай дабіцца рэабілітацыі праз камітэт ААН па правах чалавека”.

Акрамя рэабілітацыі Аляксандр Казулін, па словах Рынкевіча, патрабуе ад беларускіх уладаў кампенсацыі маральнай шкоды ў 2 мільёны еўра.

“Гэта, канешне, сімвалічная лічба, таму што Казулін не збіраецца зарабляць на гэтым”.

Падрабязней пра свае далейшыя планы Аляксандр Казулін збіраецца распавесці ў сераду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі