Аляксандр Глеб атрымаў траўму і як мінімум 3-4 тыдні на поле не выйдзе

Капітан зборнай Беларусі па футболе і паўабаронца іспанскай Барселоны Аляксандр Глеб атрымаў траўму левай шчыкалаткі і як мінімум на 3-4 тыдні не выйдзе на поле. Гэта здарылася падчас учорашняй гульні паміж каталонскім клубам і "Расінгам" у рамках чэмпіянату Іспаніі. Глеб упершыню выйшаў у стартавым складзе “Барселоны”, але ўжо на 37-й хвіліне матчу быў траўмаваны абаронцам сапернікаў.
Як распавёў Еўрарадыё менеджэр футбаліста Мікалай Шпілеўскі, у лекараў адразу было падазрэнне, што ў Глеба пералом, паколькі ён чуў хруст пры ўдары. Потым высветлілася, што косці цэлыя.

“Верагоднасць таго, што ён выбыў на 3-4 тыдні — гэта нармальна для нас, таму што меркавалася нашмат страшнейшае. Саша пачуў хруст. А потым камп’ютарная тамаграфія прынесла добрую навіну, што косці цэлыя. Але праблема, канешне, ёсць. І яна выбіла Глеба на 3-4 тыдні мінімум”.

Шпілеўскі адзначыў, што пакуль не вырашана, дзе Аляксандр Глеб будзе праходзіць курс лячэння і рэабілітацыі. Але, хутчэй за ўсё, у Барселоне.

“Ён пакуль у Барселоне. Але мы рашэнне пакуль не прынялі. Ніхто не сумняваецца ў кампетэнтнасці барселонскіх лекараў, таму я мяркую, што лячыцца ён будзе там. Адна канчатковае рашэнне за самой Барселонай”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі