Вы тут

Алкаеў аб прызнанні экс-сілавіка ў забойствах: яго словы трэба прымаць за праўду

Алег Алкаеў / svaboda.org

"Ён сказаў гэта не ў піўной, ён сказаў афіцыйна, таму давайце будзем ягоныя словы ўспрымаць як, прынамсі, праўдападобныя", — так былы дырэктар следчага ізалятара №1 на Валадарскага Алег Алкаеў пракаментаваў прызнанні Юрыя Гараўскага

Напярэдадні на DW выйшаў дакументальны фільм, у якім беларус Юрый Гараўскі прызнаўся ў саўдзеле ў забойстве беларускіх апазіцыянераў у 1999 годзе. Гараўскі заявіў, што служыў у САХРы (спецыяльным атрадзе хуткага рэагавання). Менавіта гэтая структура, па яго словах, выкрала і забіла Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Сам Гараўскі некалькі гадоў таму трапіў у аўтакатастрофу, якую лічыць замахам на сябе. Пасля гэтага ён пераехаў на Захад і папрасіў палітычнага прытулку. 

Алкаеў, які напісаў кнігу "Расстрэльная каманда", адзначыў у каментары Радыё "Свабода", што Гараўскага не ведаў: "Я яго не ведаў і не ведаю. Чалавек наважыўся даверыцца, расказаць усё гэта на камеру. Я не лічу яго дрэнным чалавекам. Я лічу, што, напэўна, трэба паслухаць яго. Ён там прозвішчы называе, месцы, канкрэтныя рэчы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.