Аліна Талай узяла срэбра на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы ў Амстэрдаме

Аліна Талай узяла срэбра на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы ў Амстэрдаме

Аліна Талай заваявала срэбра ў бегу на 100 метраў з бар’ерамі на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы, які ладзіцца ў Амстэрдаме. У фінальным забегу яна фінішавала з вынікам 12,68 секунды. Але Сіндзі Роледэр з Германіі апынулася хутчэйшай — яна выйграла з вынікам 12,62 секунды.

Пасля спаборніцтва Аліна Талай распавядае пра свае ўражанні ад паўфіналу:

“Я была вельмі засмучаная. Вельмі хацелася заваяваць яшчэ адзін залаты медаль. Але, на жаль, усё ж такі пакуль срэбны. Старт атрымаўся вельмі ўдалым, сярэдзіна наогул па-мойму цудоўна атрымалася, але ў канцы адбыўся нейкі тэхнічны збой. Цяжка зараз казаць, таму што калі ты бяжыш, ты не зусім разумееш, што атрымліваецца так, а што не. Трэба паглядзець відэа і раскласці. Апошнія два бар’еры — згубіўся рытм і не атрымалася зрабіць фінальны высілак, на жаль. Паўтаруся, не ведаю, што адбылося. Трэба паглядзець відэа, з трэнерам абмеркаваць, прааналізаваць. Але гэта ў прынцыпе вырашальнае, таму што да Алімпіяды яшчэ месяц. Мы ўсё гэта выправім”, — прыводзіць словы атлеткі bfla.eu.

Аліна Талай узяла срэбра на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы ў Амстэрдаме
Фота: bfla.eu

У астатніх дысцыплінах на чэмпіянаце Еўропы беларускія атлеты пакуль засталіся без медалёў. Штурхальніца ядра Юлія Леанцюк у лепшай спробе штурхнула снарад на адзнаку 18 метраў 20 сантыметраў і стала чацвёртай, прайграўшы бронзаваму прызёру спаборніцтваў ўсяго два сантыметры. Алёна Дубіцкая з вынікам 18 метраў 3 сантыметры заняла шостае месца. У мужчынскім фінале ў скачках у даўжыню Канстанцін Барычэўскі ў лепшай спробе скокнуў на 7,75 метра і заняў толькі восьмае месца. Не прайшлі ў фінал спаборніцтваў беларускія бегуны. Аляксандр Ліннік — на дыстанцыі 400 метраў - у сваім паўфінальным забегу заняў выніковае 11-ае месца і выбыў з барацьбы за медалі. У паўфінальным забегу на 800 метраў Юлія Кароль фінішавала пятай, але ў выніку заняла 18-е месца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі