Алесь Лютыч: Першых ганарараў хапала толькі на чыпсы і піва

Еўрарадыё: Напярэдадні юбілейнага канцэрта давай прыгадаем, як увогуле хлопцы ў горадзе Бяроза сабраліся і вырашылі займацца музыкай? Чым вы кіраваліся, пра што думалі, пра што марылі?

Алесь Лютыч: Пачыналася ўсё з таго, што ўсе мы захапляліся музыкай і спрабавалі граць на нейкіх інструментах. Тады яшчэ ў маіх бацькоў была не дабудаваная хата. Але ўжо была праведзеная электрычнасць!

Еўрарадыё: То бок пытанне з рэпетыцыйнай кропкай было вырашанае?

Алесь Лютыч: Так! Мы паставілі туды бубны, узмацняльнікі і пачалі спрабаваць нешта рабіць. На той час сваіх песень у нас было ўсяго дзве. Таму, вядома, гралі каверы — трэба ж было на чымсьці вучыцца! Потым літаральна праз месяц у Бярозе праводзіўся раённы конкурс непрафесійных ВІА, і мы падалі на яго заяўку. У выніку атрымалі 2-е месца! Мы тады сыгралі адну сваю песню і два каверы, а ў журы нам сказалі, што каб сыгралі ўсе свае — далі б 1-е месца.

Еўрарадыё: То бок гэта і стала штуршком для напісання сваіх песень?

Алесь Лютыч: Пасля гэтага яшчэ быў перыяд, калі мы гралі ў Бярозе на дыскатэках. Было так: 5-6 песень “запускалі” з пульта, пасля некалькі песень “жыўцом” гралі мы.

Здаецца, у 2001 годзе мы запісалі нашу першую дэмку — гэта была песня “Вось такую б...”. Пасля яшчэ доўгі час яе можна было пачуць на пляцоўках у парках і ў Доме культуры напрыканцы дыскатэкі, як фінальны “мядляк”.

А першыя запісы мы рабілі на рэпетыцыях — запісвалі наўпрост на касетны магнітафон! Падключалі яго да мікшара, падрубалі бубны, вакал, гітары — усё разам, і так запісвалі.

на гэты самы магнітафон гурт :B:N: рабіў свае першыя запісы ў 1999 годзе

Еўрарадыё: Якія мэты вы ставілі сабе тады і як яны адрозніваюцца ад тых, што ставіце перад сабой цяпер?

Алесь Лютыч: Тады хацелася рабіць музыку, і каб гэта падабалася не толькі нам. Каб былі нейкія прыхільнікі, каб слухалі, перапісвалі нашы касеты (смяецца). Так яно і атрымалася! А цяпер мы таксама робім тую ж справу, якую робім 15 гадоў — музыку, якая падабаецца нам і, спадзяемся, нашым гледачам.

Еўрарадыё: За гэты час што змянілася ў разуменні такой справы, як заняцце музыкай?

Алесь Лютыч: Гэта ж любімая справа, і яна заўжды на першым месцы. Калі атрымаецца так, што спраўдзіцца дзіцячая мара пра тое, каб граць толькі музыку і з гэтага жыць, было б увогуле казачна! Але пакуль гэта не так — даводзіцца працаваць.

Еўрарадыё: Неяк акупляе сябе такі занятак, як музыка?

Алесь Лютыч: Калі гаворка ідзе пра тое, каб набыць гітару — то не акупляе. А вось струны ці шнуры набываць можна! (смяецца).

Еўрарадыё: Які твой любімы творчы перыяд за гэтыя 15 гадоў? І, можа быць, прыгадаеш ваша вышэйшае дасягненне за гэты час і самы складаны этап?

Алесь Лютыч: Усё, што робіцца, робіцца да лепшага. Нават калі ўсё дрэнна і крызіс, і не ведаеш, як з гэтага выйсці. Вось, напрыклад, калі атрымалася сітуацыя вакол склада гурта: мы думалі, ці спыняць існаванне :B:N:, ці неяк мадэрнізавацца. Гэта было вельмі цяжка. У гітарыста Максіма Літвінца — сям’я, двое дзяцей, і зразумела, што не было часу на “цацкі”. Каб музыка давала такі заробак, каб быць упэўненым у заўтрашнім дні, ён бы не разрываўся паміж працамі і гуртом. Але трэба было рухацца наперад, і было прынятае рашэнне пра змену складу. Бубнача мы змянілі яшчэ да гэтага, надышоў час правесці кардынальныя змены і з астатнім складам.

Максім Літвінец

Еўрарадыё: Як развітваліся?

Алесь Лютыч: Мы падтрымліваем адносіны. Нехта зразумеў сітуацыю, нехта пакрыўдзіўся. Але крыўдзіцца можна да канца жыцця, а трэба рабіць крокі далей! Напрыклад, Максім Літвінец, наш былы гітарыст, нешта сыграе з намі падчас юбілейнага канцэрта. У басіста Алеся Зайцава не атрымліваецца прыехаць, але калі нешта зменіцца — ён таксама будзе.

Еўрарадыё: Я так разумею, гэта і ёсць самы складаны этап за 15-гадовую гісторыю :B:N:, а самыя прыемныя ўспаміны якія?

Алесь Лютыч: Прыемна прыязджаць у сталіцу з канцэртамі! Граць у нармальных залах, з нармальным гукам і збіраць людзей. Але хто ведае, можа, наперадзе Палац Спорту?

Вышэйшае дасягненне :B:N: яшчэ наперадзе! Мы не будзем сядзець, склаўшы рукі — крок за крокам ідзем далей!

Еўрарадыё: Як паўплываў новы склад на творчасць гурта?

Алесь Лютыч: Мы разам ужо 1,5 года. Новыя людзі заўжды прыносяць нешта новае. Новыя аранжыроўкі, новыя мелодыі, новая энергетыка дадаецца. Калі раней гэтая энергетыка была толькі бярозаўскай, то цяпер — проста беларуская! І бярозаўская, і мінская зміксаваліся, і атрымаўся такі беларускі канцэпт. Хутка паслухаеце наш новы альбом, які мы ўжо цалкам стварылі разам з новымі музыкантамі. Падчас юбілейнага канцэрта мы прэзентуем кліп на песню “Попел”, а ўжо ў 2015 годзе зробім прэзентацыю альбома.

Еўрарадыё: Калі вы толькі пачыналі, вас параўноўвалі з маладымі N.R.M. Цяпер з кім параўноўваюць?

Алесь Лютыч: Не ведаю нават! Я чуў, што з N.R.M. параўноўвалі гурт Sciana, а не нас!

Еўрарадыё: Ці выбраў ты для сябе якую-небудзь канцэпцыю за гэтыя 15 гадоў? Як можаш у некалькіх словах патлумачыць, што такое гурт :B:N:?

Алесь Лютыч: :B:N: — гэта адначасова і маналітная каманда, і дэмакратычная. Улічваюцца пажаданні кожнага з удзельнікаў, і ніхто не чакае, пакуль за яго прыдумаюць партыю. Кожны робіць сваю справу, прыносіць свае ідэі. Напрыклад, за 4-гадзінную рэпетыцыю мы робім песню. Для мяне гэта вельмі прыемны творчы працэс!

Еўрарадыё: Якую музыку вы слухалі, калі толькі стварылі гурт, чым натхняліся?

Алесь Лютыч: У канцы 1990-х, калі я пачаў займацца музыкай, усе захапляліся “Нірванай”. Усе пагалоўна балдзелі ад гэтага гурта. Яшчэ адзін з маіх самых любімых гуртоў — Guns N’ Roses. Спадабаліся два альбомы гітарыста Slash — сачу, слухаю. Падабаецца шмат новай музыкі — ужо нават без стылістычных межаў. Тым больш, лічу, што музыкантам трэба слухаць розную музыку.

Еўрарадыё: Пра што марыш цяпер?

Алесь Лютыч: Хацелася б, каб нас слухалі не толькі ў Беларусі, таксама хочацца паездзіць з канцэртамі за мяжой.

Еўрарадыё: Дарэчы, чаму прыпыніўся ваш польскі накірунак дзейнасці пасля таго, як вы спынілі сваё супрацоўніцтва са Зныкам (былы польскі мэнэджар гурта Ігар Знык, — Еўрарадыё)?

Алесь Лютыч: Ён вырашыў, што яму не выгадна прасоўваць беларускі рок у Польшчу і некуды далей. Знык сканцэнтраваўся на Насце Някрасавай, яна цяпер спявае ў гурце “Рута”. А другога такога чалавека ў нас пакуль няма. Самастойна ўсім гэтым займацца не хапае часу.

Еўрарадыё: З вышыні свайго 15-гадовага досведу, як можаш прааналізаваць змены на беларускай альтэрнатыўнай сцэне?

Алесь Лютыч: З’явілася вельмі шмат гуртоў — я нават назвы не ўсе ведаю! Калі мы ехалі на фестываль “Даём рады!” ў Віцебск, то гралі з музыкамі і сябрамі “ў гурты” — гэта калі ты называеш гурт, а іншаму трэба назваць гурт на апошнюю літару слова. Вядома, мае мінскія музыкі ведалі больш за мяне.

Раней усё было так “музычна-рамантычна”. Памятаю, як мы запісалі на касету першыя 4 песні і аднеслі іх Віталіку Супрановічу, а пасля ў 2001 годзе даслалі і на адбор фестывалю “Басовішча”. Першы раз мы нічога не атрымалі на “Басовішчы”, але захапіліся тым духам! Тады “Басы” былі, натуральна, з вялікай душой. Цяпер гэта цікавая каляровая вокладка, а тады была смачная цукерка.

Памятаю, выступалі Zet, “Крама” — вельмі падабаліся гэтыя гурты. А чаго вартыя гэтыя сумесныя паездкі з музыкамі і Вітаўтам Мартыненкам!

Еўрарадыё: Можа, проста сам тады быў больш рамантычны?

Алесь Лютыч: Раней жа як — гітару на плечы, педальку ў заплечнік і паехаў. А цяпер трэба ўзяць гітару, педалборд — хочацца больш камфорту, а раней хацелася драйва!

Еўрарадыё: Калі б табе прапанавалі кантракт з якім-небудзь расійскім ці еўрапейскім лэйблам, але для гэтага больш бы не падыходзілі песні на беларускай мове, што б ты рабіў?

Алесь Лютыч: Для замежжа можна зрабіць англамоўную версію праграмы, чаму не? А назаўжды… Калі будуць такія прапановы, будзем думаць!

Еўрарадыё: Ты памятаеш, якім быў ваш першы ганарар?

Алесь Лютыч: Першыя ганарары мы атрымлівалі з бярозаўскіх дыскатэк, на якіх гралі. Але тых грошай хапала толькі на чыпсы і піва (смяецца).

Еўрарадыё: У каго з музыкантаў ты б хацеў выступіць у якасці "разагрэву" на канцэрце, і каго з музыкаў запрасіў бы на "разагрэў" да :B:N:?

Алесь Лютыч: Цяпер нават маладыя гурты досыць цікавыя і прафесійныя. Іх нават "разагрэвам" нельга назваць! Мне, напрыклад, падабаюцца Nizkiz. Можна было б зрабіць раўнапраўны выступ з IQ48, Sciana, Akute. Сам бы сыграў з Muse ці Лені Кравіцам! Мы, дарэчы, пыталіся пра "разагрэў" у “Океан Ельзи”, але яны адказалі, што не запрашаюць "разагрэў" на свае канцэрты.

Еўрарадыё: Калі ўзяць асобна такі аўтэнтычны напрамак, як беларускі рок, як бы ты яго ахарактарызаваў? Ён умоўна пачаўся з гурта N.R.M: і ўсё больш адыходзіць у небыццё, з’яўляюцца новыя накірункі. Жыве беларускі рок?

Алесь Лютыч: Няма цяпер такога, як было раней! Калі N.R.M. давалі канцэрт у “Юле” і праз 2 тыдні ладзілі другі канцэрт, каб трапілі ўсе жадаючыя. Цяпер такога няма ў беларускім року. Давай пакінем гэта пытанне без каментарыяў.

Еўрарадыё: Што павінна адбыцца, каб ты перастаў займацца музыкай?

Алесь Лютыч: Няма і не будзе такога жадання! Нават думак такіх няма! Калі мне хочацца займацца музыкай ужо 15 гадоў — думаю, што і далей не пакіну гэтую справу.

Нагадаем, што свой юбілей гурт :B:N: адзначае 26 лістапада у клубе Re:Public. Напярэдадні канцэрта з гэтай нагоды музыкаў павіншавалі гурты PomidorOFF, Akute, Neuro Dubel, "Разбітае сэрца пацана", "Мутнаевока" ды іншыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі