Вы тут

Акцёр Дэніэл Крэйг атрымаў воінскае званне як у агента 007

Дэніэл Крэйг пазіруе ў марской форме на фоне лонданскага Сіці / royalnavy.mod.uk​

Акцёр Дэніэл Крэйг стаў ганаровым камандуючым ваенна-марскога флоту Вялікабрытаніі, паведамляе ваеннае ведамства. Гэта адпавядае званню агента 007 Джэймса Бонда — 53-гадовы акцёр увасабляў яго вобраз на экране апошнія 15 гадоў.

Званне Крэйгу надаў адмірал ВМФ Тоні Радакін. Па словах адмірала, Бонд быў ваенна-марскім афіцэрам, які забяспечваў бяспеку краіны, выконваючы місіі па ўсім свеце.

"Гэта тое, што Каралеўскі флот сёння робіць кожны дзень, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі", — дадаў Радакін.

Крэйг назваў прывілеем і гонарам магчымасць служыць у брытанскіх узброеных сілах. Акцёр паабяцаў, што не зганьбіць гонар мундзіра.

Воінскае званне прысвоена Крэйгу напярэдадні сусветнай прэм'еры 25-га фільма бандыяны. Выхад кінастужкі "Не час паміраць", як паведамляла Еўрарадыё, прызначаны на 28 верасня.

Брытанскі Каралеўскі флот і Мінабароны Вялікабрытаніі мелі непасрэднае дачыненне да здымак фільма. "Не час паміраць" здымалі ў тым ліку на ваенна-паветранай базе ў Оксфардшыры. Акрамя таго, для здымак быў задзейнічаны адзін з 6 эсмінцаў каралеўскага флоту — HMS Dragon.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.