Адзін з дыджэяў, якія ўключылі песню "Перамен!", знайшоўся на Акрэсціна

Адзін з дыджэяў, якія ўключылі песню "Перамен!", знайшоўся на Акрэсціна

Кірыл Галанаў (адзін з дыджэяў, якія ўключылі песню "Перамен!" на праўладным мерапрыемстве) знайшоўся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Пра гэта піша "Наша Ніва" са словаў яго брата Мікіты.

Як паведамлялася раней, абодвух дыджэяў — Кірыла Галанава і Уладзя Сакалоўскага — затрымалі пасля акцыі.

Тэлефон Кірыла не адказваў, і брат пайшоў у міліцыю пісаць заяву пра знікненне чалавека. У РУУС Мікіту далі нумар ЦІП. Там яму пацвердзілі, што брат знаходзіцца ў іх. За што затрымалі Кірыла, Мікіту не сказалі. Сказалі толькі, што суд адбудзецца 7 жніўня.

Месцазнаходжанне другога дыджэя, Улада Сакалоўскага, пакуль дакладна не вядомае.

Галанаў і Сакалоўскі ўключылі песню "Перамен!" у Кіеўскім скверы на дзяржаўным Дні адчыненых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі 6 жніўня. У гэты дзень мінскія ўлады сарвалі мітынг-канцэрт Святланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў, і кандыдатка ў прэзідэнты абвясціла, што прыйдзе ў Кіеўскі сквер. 

Абодва хлопцы працуюць у Палацы дзяцей і моладзі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі