Вы тут

Адвакатка Ціханоўскага пра злітую на АНТ размову: "Думаю, як гэта абскардзіць"

Сяргей Ціханоўскі ў зняволенні і яго адвакатка Наталля Мацкевіч / Еўрарадыё

— Мая рэакцыя, як і ўсіх нармальных юрыстаў, такая: адвакацкая таямніца непахісная, і канфідэнцыйнасць зносін адваката з кліентам — гэта прававы прынцып, права, якое, па сутнасці, не можа быць абмежавана нічым. І тое, што я ўбачыла, кажа пра тое, што канфідэнцыйнасць не захоўвалася, — расказвае Еўрарадыё Наталля Мацкевіч, адвакатка Сяргея Ціханоўскага. 28 красавіка па АНТ паказалі відэа размовы, якая адбылася паміж ёй і яе падабаронным у СІЗА. Там Ціханоўскі рэзка выказваецца: "Ёсць за што [яго саджаць]".

А як жа адвакацкая таямніца?

У Беларусі ёсць закон "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці", які вызначае, што адвакацкая таямніца — "звесткі пра пытанні, па якіх кліент звярнуўся па юрыдычную дапамогу, сутнасць кансультацый, тлумачэнняў, даведак, атрыманых кліентам ад адваката, звесткі пра асабістае жыццё кліента, інфармацыя, атрыманая ад кліента, пра абставіны здзяйснення злачынства па крымінальнай справе, па якой адвакат ажыццяўляў абарону правоў, свабод і інтарэсаў кліента, а таксама звесткі, якія складаюць камерцыйную таямніцу кліента". Таямніцу кансультацый адваката з кліентам павінны захоўваць усе органы і службовыя асобы.

Пакідаць сітуацыю так, як ёсць, адвакатка не мае намеру. Але сказаць, якія канкрэтна крокі зробіць, пакуль не можа:

— Думаю, як гэта абскардзіць. Пачну са звароту ў Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў, якая павінна абараняць інтарэсы адвакатаў. Але, вядома ж, абскарджана будзе. А пакуль я яшчэ павінна з падабаронным гэта абмеркаваць.

Наталля Мацкевіч на адным з судоў / “Вясна”

Хто павінен несці адказнасць за публікацыю прыватнай размовы — сілавікі або дзяржканал, які апублікаваў размову?

— Па законе аб сродках масавай інфармацыі, распаўсюджванне ў СМІ матэрыялаў, падрыхтаваных з выкарыстаннем відэазапісу фізічнай асобы без яе згоды, дапускаецца толькі пры прыняцці мер супраць магчымай ідэнтыфікацыі і пры ўмове, што гэта не парушае канстытуцыйных правоў і свабод асобы i неабходна для абароны грамадскіх інтарэсаў альбо па патрабаванні органа крымінальнага пераследу, суда. А права на юрыдычную дапамогу — канстытуцыйнае права, па законе аб адвакатуры і КПК, гэта права ўключае забеспячэнне канфідэнцыйнасці зносін з адвакатам, — працягвае Наталля Мацкевіч. — Я думаю, што спачатку трэба звярнуцца ў пракуратуру з просьбай правесці праверку аб тым, якім чынам запіс апынуўся ў публічным доступе. А потым ужо разбірацца, хто нясе адказнасць: СМІ, следчы ізалятар або орган, які вядзе крымінальны працэс.

28 красавіка справы Сяргея Ціханоўскага і нібыта звязаных з ім Арцёма Сакава і Дзмітрыя Папова СК перадаў пракурору для накіравання ў суд. Ціханоўскаму, Сакаву і Папову ставяць у віну "арганізацыю масавых беспарадкаў; распаўсюджванне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў; пагрозы ў адрас старшыні Цэнтрвыбаркама; арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з ужываннем гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў улады".

Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца пад вартай з 29 траўня. Па словах Наталлі Мацкевіч, "ён моцны чалавек, трымаецца".

— Але, вядома ж, гаварыць пра тое, што яго маральны і фізічны стан добры, як у людзей, якія знаходзяцца на волі, не даводзіцца, паколькі ён доўгі час знаходзіцца ў СІЗА.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.