Адукацыйны кодэкс і закон аб амністыі дэпутаты пакуль разглядаць не будуць

2 красавіка дэпутаты Палаты прадстаўнікоў збяруцца на веснавую сесію. Найперш народныя абраннікі вызначацца з планам будучай працы. Як паведаміла Еўрарадыё супрацоўніца ўпраўлення інфармацыйна-аналітычнай працы парламента Ірына Ксавец, у праекце парадку чацвёртай сесіі значацца 32 законапраекты, якія дэпутаты плануюць разгледзець за тры месяцы працы.

Ірына Ксавец:
“У нас ёсць праект парадку дня 4 сесіі. У гэты праект парадку ўнесена на дадзены момант 32 законапраекты”.

Верагодна, што гэтая лічба будзе павялічвацца. Бо, як заўважыла Еўрарадыё, зараз у пастаянных камісіях прапрацоўваецца 50 праектаў законаў, з якіх 18 ужо разглядаліся дэпутатамі ў першым чытанні. Дарэчы, летась падчас веснавой сесіі законатворцы разгледзелі 58 законапраектаў, а ў 2008 годзе — 110.

Член пастаяннай камісіі па аграрных пытаннях Філіп Богуш патлумачыў такое зніжэнне тым, што дэпутаты сталі больш увагі надзяляць якасці законаў, якія прымаюць.

Філіп Богуш: “Кіраўнік дзяржавы патрабуе, каб законы былі больш якасныя. Таму больш дэталёва вывучаецца кожны пункт, кожны абзац, кожнае слова ўзважваецца. Таму больш часу даводзіцца траціць на распрацоўку і дапрацоўку гэтых законаў”.

Сярод 50 законапраектаў, якія зараз знаходзяцца ў камісіях, толькі адзін — на беларускай мове. І знаходзіцца ён на прапрацоўцы не ў камісіі, да прыкладу, па адукацыі ці нацыянальнай бяспецы, а ў камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД. Гэта праект закона “Аб ратыфікацыі Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Ўкраінай аб дзяржаўнай граніцы”.

Як патлумачыў Еўрарадыё начальнік упраўлення аналітычна-інфармацыйнай працы Мікалай Ліс, мова залежыць ад распрацоўшчыкаў праекта закона. Дадзены ўнесены на разгляд дэпутатаў Саветам Міністраў.

Мікалай Ліс: “У нас дзве дзяржаўныя мовы і на дзвюх дзяржаўных мовах ствараюцца законы. Ёсць і па-беларуску, ёсць і па-руску”.

Вось толькі са 110 законапраектаў, разгледжаных дэпутатамі на веснавой сесіі 2008 года, па-беларуску быў толькі адзін — “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Такая ж сітуацыя была ў 2009: з 58 законапраектаў толькі “Аб унясенні змянення ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь” быў па-беларуску. Праўда, дэпутаты, кажа Мікалай Ліс, да гэтай дыскрымінацыі дачынення не маюць.

Па просьбе Еўрарадыё начальнік упраўлення аналітычна-інфармацыйнай працы назваў некалькі дакументаў, якія дэпутаты будуць разглядаць у першую чаргу. Гэта і праект закона “Аб знешняй працоўнай міграцыі”, “Аб донарстве крыві і яе кампанентаў”, “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс” і гэтак далей. На дзіва, у праекце парадку 4-й сесіі няма ні самага гучнага дакумента — Кодэкса аб адукацыі, ні самага чаканага пэўнай часткай насельніцтва — закона аб амністыі.

Што тычыцца Кодэкса аб адукацыі, то, згодна са словамі намесніцы старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Галіны Юргялевіч, паводле плану разгляд яго ў другім чытанні мусіў быць на восеньскай сесіі, а не цяпер.

Галіна Юргялевіч:
“Але камісія нашая мэтанакіравана працавала ў зімовы перыяд. Практычна завяршылі працу працоўныя групы, а пасяджэнняў у іх было каля 20, і мы ўжо звярсталі ўсе заўвагі і прапановы, узгаднілі іх і накіравалі праект Кодэкса аб адукацыі ў зацікаўленыя міністэрствы і ведамствы”.

Калі, кажа, працэс узгаднення пройдзе хутка і паспяхова, то праект Кодэкса дэпутаты разгледзяць падчас веснавой сесіі. Калі не — перанясуць на восеньскую.

Высветліць лёс законапраекта аб амністыі пакуль не ўдалося. Усе члены камісіі па нацыянальнай бяспецы, куды ён мусіў патрапіць у першую чаргу, знаходзіліся на пасяджэнні працоўнай групы і былі недасягальнымі. У астатнія ж камісіі, адзначае Філіп Богуш, гэты праект яшчэ не паступаў. Але, кажа, час ёсць, і за тры месяцы веснавой сесіі яго паспеюць не толькі разгледзець і ўнесці прапановы, але і прыняць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі