Адмена віз з Турцыяй: На беларусаў не ўплывае, але можа завабіць туркаў

 “2 траўня мы атрымалі афіцыйнае паведамленне турэцкага боку аб завяршэнні ім унутрыдзяржаўных працэдур па набыцці моцы пагадненнем аб узаемнай адмене віз. Такім чынам, з 1 чэрвеня ў грамадзян Беларусі і Турцыі будзе магчымасць бязвізавых паездак”, ― расказваюць Еўрарадыё ў міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Раней віза ў Турцыю каштавала беларусам 20 долараў, калі атрымліваць праз консульства і 30 ― калі ставіць у аэрапорце па прыездзе. З 1 чэрвеня беларусы змогуць знаходзіцца ў Турцыі да 30 дзён без візы за адну паездку, і да 90 дзён цягам года.

Цікавімся ў турфірм: ці стане больш турыстаў з Беларусі ў Турцыі.

“Віза ж ставілася па прылёце, гэта займала некалькі секунд. Таму не думаю, што гэта павялічыць колькасць турыстаў. Але гэта плюс. Напрамак можа стаць яшчэ больш прыярытэтным”, ― у турфірме “Топтур” пра адмену віз з Турцыяй яшчэ не ведаюць.

Тут заўважаюць, што на турэцкія курорты з кожным годам ездзіць усё больш беларусаў з-за “сервісу і прымальных коштаў”.

“Паток у Турцыю і так увесь час павялічваецца. На ранняе браніраванне бяруць пуцёўкі, але гэта не з-за адмены віз, а таму што зніжкі дзейнічаюць на туры. Людзі за Турцыю часам вялікія грошы плацяць і віза за 20 долараў ролі не грае”, ― тлумачаць у турфірме “Софтур”.

За 10-дзённы адпачынак на турэцкіх пляжах у траўні тут просяць па 400 долараў з чалавека.

Адмена віз можа павялічыць паток турэцкіх турыстаў, адразу кажа Лілія Кобзік, рэдактар газеты “Турызм і адпачынак”.

“Ёсць спадзеў, што гэта паспрыяе уязному турызму. Але тут галоўнае не пытанне візы, бо не створаная матывацыя для турыстаў. Турэцкі турыст ён няпросты, яны едуць тут бавіць час, з дзяўчатамі часам. Але ў пэўны час яны не паехалі. Гэта ад коштаў на гатэлі залежыць. Бо калі кошты на гатэлі будуць вялікія, турыст будзе на гэта глядзець”, ― аналізуе Лілія Кобзік.

А вось на беларускіх турыстаў адмена віз не паўплывае, мяркуе Лілія Кобзік.

У 2012 годзе Беларусь наведалі амаль 3 тысячы турыстаў з Турцыі. Турцыя на 10 месцы ў прыярытэтах беларускіх турыстаў, паведамляе Белстат.

Фота: lo-vista.biz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі