Адбіралі ноўтбук, тэлефон, грошы і нават кватэру — у Брэсце судзяць міліцыянтаў

Адбіралі ноўтбук, тэлефон, грошы і нават кватэру — у Брэсце судзяць міліцыянтаў

У Брэсце судзяць дваіх участковых інспектараў, якія абвінавачваюцца ў махлярстве і перавышэнні ўлады. Аднаго з іх таксама судзяць за раскраданне шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

Пацярпелымі па справе праходзяць тры чалавекі. У аднаго з іх забралі ноўтбук нібыта на захаванне ў апорным пункце міліцыі, каб уладальнік яго не прадаў і не патраціў грошы на выпіўку. Той пагадзіўся: баяўся, што яго могуць прыцягнуць да адміністратыўнай справы або змясціць у ЛПП. У яго да таго ж забралі сотавы тэлефон.

Другі пацярпелы страціў кватэру і буйную суму грошай. Паводле абвінавачання, адзін з падсудных у верасні 2015 года змусіў брэстаўчаніна прадаць двухпакаёвую кватэру і пераехаць у Кобрынскі раён. Кватэру прадалі за 31 тысячу долараў у эквіваленце. Грашыма ўчастковыя распарадзліся самастойна.

Гэты ж пацярпелы зняў з валютнага дэпазіта, які атрымаў у спадчыну ад маці, 1700 долараў і перадаў міліцыянтам. Участковыя аддалі яму 100 долараў, астатнія грошы забралі сабе. Мужчына меў і ўласны доларавы дэпазіт, з якога зняў 500 долараў і перадаў іх абвінавачаным. Яны і ў гэтым выпадку вярнулі яму 100 долараў.

Трэцім пацярпелым стаў жыхар Масквы, якім участковыя зацікавіліся пасля бойкі ў бары. Узялі ў расіяніна 235 беларускіх рублёў і 20 тысяч расійскіх — нібыта для перадачы ў лякарню пацярпеламу ў бойцы і каб “замяць” справу. Але грошы пакінулі сабе.

Адзін з абвінавачаных прызнаў сваю віну, апроч эпізодаў са зняццем валюты. Другі сваёй віны не прызнаў, піша “Брестская газета”.

                                                                                                                            

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі