А.Чубрык: «Беларусь можа выйграць ад разлікаў за газ у расійскіх рублях»

Газета «КоммерсантЪ» прарочыць, што Беларусь згубіла фінансавую незалежнасць. Беларускія эканамісты лічаць, што гэтая расійская мара занадта далёкая ад ажыццяўлення.  Нагадаем, што 13 лістапада ўрад Беларусі пагадзіўся аплачваць расійскія газ і нафту ў расійскіх рублях. Пра гэта дамовіліся беларускі міністр фінансаў Андрэй Харкавец і міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын.

На наступны дзень газета «КоммерсантЪ» выйшла з загалоўкам: «Беларусь страціла фінансавую незалежнасць». У артыкуле сцвярджалася, што цяпер фінансавы рэзерв Беларусі будзе ўтрымлівацца ў расійскіх рублях, а наша эканоміка стала цалкам залежнай ад расійскай. І час замены ў Беларусі нашага рубля на расійскі вельмі блізкі.  

Але крыніцы ў міністэрстве эканомікі Беларусі запэўнілі карэспандэнта Еўрарадыё, што падставаў для такіх меркаванняў няма. А пра ўвядзенне адзінай валюты не можа быць і размовы.

Эканаміст Аляксандр Чубрык растлумачыў Еўрарадыё, чаму рашэнне аплачваць нафту і газ не ёсць небяспечным.

Аляксандр Чубрык: «Дадзеная рэч – гэта не крок да адзінай валюты. Такім жа самым чынам урады маглі дамовіцца разлічвацца за энерганосьбіты ў еўра, кувейцкім дынары ці любой іншай валюце».

Больш за тое эканаміст лічыць, што ад пераходу ў разліках на расійскі рубель Беларусь можа істотна выйграць.

«Пры пэўных умовах гэта можа быць нават для нас выгадна, - працягвае Аляксандр Чубрык. – Калі ў Расіі адбудзецца дэвальвацыя, то мы халерна на гэтым выйграем. Калі ж мы зафіксуем цэны ў доларах ці еўра, то ўсё роўна нічога лішняга не патрацім.»

На думку Аляксандра Чубрыка, артыкул у газеце «КоммерсантЪ» - гэта мара некаторых расіян цалкам падпарадкаваць беларускую эканоміку. Але памкненні гэтыя выглядаюць сёння малаверагоднымі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі