Абвінавачаных за мітынгі прадпрымальнікаў пачнуць судзіць 16 красавіка

16 га красавіка ў 10:00 у судзе Цэнтральнага раёна сталіцы пачнецца судовае пасяджэнне па «справе 14-ці». Пра гэта nn.by паведаміла адвакатка Андрэя Кіма Тамара Сідарэнка. М.Пашкевіч, А.Бондар, А.Баразенка, П.Вінаградаў, У.Сяргееў, А.Дубскі, А.Стральцоў, А.Чарнышоў, А.Кім, А.Койпіш, М.Крываў, М.Субач, Т.Цішкевіч, М.Дашук праходзяць па справе мітынгу прадпрымальнікаў, што адбыўся 10 студзеня ў Мінску.

Маладым людзям інкрымінуецца арт. 342-1 Крымінальнага кодэксу: «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Паводле гэтага артыкулу прадугледжваецца пакаранне ад штрафу да трох гадоў пазбаўлення волі.

16 красавіка будуць судзіць таксама і Андрэя Кіма, супраць якога выстаўлены два абвінавачанні. Працэс над ім распачаўся 1 красавіка, але быў перанесены з прычыны аб'яднання дзвюх крымінальных справаў.

Андрэя Кіма абвінавачваюць таксама паводле арт. 364 КК («гвалт альбо пагроза гвалту ў адносінах да работніка міліцыі»). Хлопцу пагражае да шасці гадоў турмы. Інцыдэнт нібыта здарыўся падчас іншага мітынгу прадпрымальнікаў, 21 студзеня.

Паводле “Нашай Нівы”