Абвешчаны збор камянёў на Крэўскі замак: "Час збіраць камяні!"

Абвешчаны збор камянёў на Крэўскі замак: "Час збіраць камяні!"

Журналіст і грамадскі актывіст Глеб Лабадзенка звярнуўся да беларусаў з незвычайнай прапановай — прывезці камяні для рэстаўрацыі Крэўскага замка. 

"Размаўляў з рэстаўратарамі Крэўскага замка — у іх скончыліся камяні. Усе, якія раней вываліліся са сцен, паднятыя з зямлі і ахайна ўстаўленыя на месца. Але ясна, што за столькі год разбурэння шмат што расцягалі па будоўлях людзі", — тлумачыць сітуацыю Лабадзенка ў сваім закліку ў Фэйсбуку.

Па яго словах, рэстаўратары шукаюць комплекснае рашэнне праблемы, але будуць удзячныя кожнаму, хто прывязе ў Крэва хоць колькі камянёў. Лабадзенка ўдакладняе, што патрэбныя камяні дыяметрам 30-50 см (можна меншыя, ад 15 см, — яны пойдуць у забутоўку). Ён прапануе проста складаць прывезеныя камяні каля галоўнага ўваходу ў замак.

"Вы толькі падумайце: прыедзеце потым у Крэва, пад адноўлены замак — і скажаце дзецям/унукам або сябрам: а тут ёсць і мае пару камянёў!

Менавіта так і быў збудаваны замак 700 гадоў таму. Нават праклён з той пары ў Крэве існуе: каб ты ўсё жыццё цягаў камяні на Крэўскі замак. Бо тады людзей сілком прымушалі рабіць гэта.

А цяпер для кожнага беларуса гэта, лічу, гонар! Я таксама збіраюся свае пару камянёў на наступным тыдні завезці", — піша Лабадзенка.

Крэўскі замак пабудаваны пасля 1388 года паводле загаду вялікага князя Альгерда. Там меў сваю рэзідэнцыю Ягайла і нават нейкі час трымаў у палоне Вітаўта. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі