Абвешчаны прысуд Паўлу Севярынцу — 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
![Павел Севярынец / Еўрарадыё](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/sevjarynec_25_05.jpg.webp?itok=TzY1jX0p)
Павел Севярынец / Еўрарадыё
Палітвязня Паўла Севярынца асудзілі на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе Радыё Свабода.
Суд над сустаршынёй аргкамітэта партыі БХД і яшчэ групай палітвязняў праходзіў у Магілёве ў закрытым рэжыме. На працэс не пусцілі нават родных.
Севярынца абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. У зняволенні ён знаходзіцца з чэрвеня 2020 года. На мінулым тыдні стала вядома, што Паўла прызналі "схільным да нападу на адміністрацыю", і цяпер падчас перамяшчэння па-за камерай ён павінен знаходзіцца ў кайданках. "Нічога нечаканага, як кажуць, але прыемнага мала", — адзначыла тады жонка Севярынца Вольга.
![Оглашен приговор Павлу Северинцу — 7 лет колонии усиленного режима](/sites/default/files/paragraphs/image/sevjarynec25052.jpg)
Сёння таксама абвешчаныя прысуды іншым удзельнікам працэсу. Каардынатара "Еўрапейскай Беларусі" Яўгена Афангеля і актывіста кампаніі Андрэя Войніча асудзілі на 7 гадоў калоніі, Паўла Юхневіча і Максіма Вінярскага, а таксама Дзмітрыя Казлова — на 5 гадоў, Ірыну Шчасную — на 4 гады калоніі.
Пасля абвяшчэння прысуду Севярынец звярнуўся да ўсіх, хто быў у зале суда, са словамі: "Беларусь будзе вольнай! Верым! Можам! Пераможам!"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.