Абстрэлы Херсона і Запарожжа, загінула дзіця — 411-я раніца вайны ва Украіне

Адна з расійскіх ракет трапіла ў жылы дом у Запарожжы / @kurtievofficial
Адна з расійскіх ракет трапіла ў жылы дом у Запарожжы / @kurtievofficial

Расіяне абстралялі напярэдадні ўвечары Херсонскую вобласць кіраванымі авіябомбамі, кажа кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін. Усяго за нядзелю расіяне выпусцілі па вобласці 360 снарадаў. 17 з іх — па Херсоне. "Вораг трапіў у жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці; тэрыторыю і збудаванні гаражнага кааператыва Карабельнага раёна горада", падвёў пазней вынік дня Пракудзін. Людзі, паводле папярэдніх звестак, не пацярпелі.

А ў ноч на нядзелю расіяне абстрэльвалі Запарожжа. Дзве ракеты патрапілі ў прыватны сектар і разбурылі дом. Загінулі мужчына і дзіця. Яшчэ адну жанчыну дасталі з-пад завалаў. Вуліца апынулася без газу і электрычнасці, дзясяткі дамоў пашкоджаны, распавёў кіраўнік Запарожскай гарадской рады Анатоль Курцеў.

Пра гэты абстрэл у вячэрнім відэазвароце казаў і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. "Гэтай ноччу расійская армія абстраляла Запарожжа. Ракетамі С-300. Трапленне — у дом, жылы дом. Тры чалавекі былі ў ім. Мужчына, жанчына і дзіця — дзяўчынка, яе звалі Ірына, сёлета ёй бы споўнілася 11 гадоў. Яна загінула. Мужчына таксама. Мае спачуванні... Жанчына — у цяжкім стане цяпер, у шпіталі, ёй аказваецца дапамога", — распавёў Зяленскі. Так Расія праводзіць гэтую Вербную нядзелю, адзначыў украінскі прэзідэнт.

За мінулыя суткі расіяне нанеслі па тэрыторыі Украіны 26 авіяцыйных і 4 ракетных удару. Дзве расійскія ракеты, выпушчаныя з ЗРК С-300, "патрапілі ў аб'екты грамадзянскай інфраструктуры Запарожжа, ёсць загінулыя і параненыя сярод грамадзянскіх грамадзян, разбураныя і пашкоджаныя жылыя будынкі", пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

Расіяне вядуць наступальныя дзеянні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках. За мінулыя суткі ўкраінскія сілы абароны адбілі тут 58 нападаў. З іх больш за 30 нападаў на Бахмуцкім кірунку. Баі ў самім Бахмуте працягваюцца. Жорсткія баі працягваюцца і за Аўдзееўку з Мар'інкай, дзе было адбіта больш за 20 варожых нападаў, распавядаюць ва ўкраінскім Генштабе.

Крэмль можа заклікаць да спынення агню на праваслаўны Вялікдзень 16 красавіка, як гэта было на Каляды ў студзені 2023 года. Так лічаць эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW). Але яны нагадваюць, што на мінулы праваслаўны Вялікдзень Крэмль не прасіў аб спыненні агню. Усё таму, што тады "расійскія войскі ўсё яшчэ валодалі ініцыятывай на лініі фронту", а падчас Каляд праз месяцы расіянам ужо быў патрэбны час, каб падрыхтаваць свае войскі да зімовага наступу.

"Крэмль можа заклікаць да спынення агню на Вялікдзень, таму што такая паўза прынесла б непрапарцыйна вялікую карысць расійскім войскам і дазволіла б ім замацаваць свае дасягненні ў горадзе Бахмут і падрыхтаваць абарону супраць контрнаступлення Украіны вясной 2023 года", мяркуюць экспэрты. Акрамя таго, такі заклік можа "выставіць Украіну нязгодлівай і не жадаючай прадпрымаць неабходныя крокі ў кірунку перамоваў". Але гэты разлік не працуе ва ўмовах вайны, мяркуюць у Інстытуце. Са слоў экспэртаў, калі Расія прапануе, а Украіна адмовіцца ад спынення агню на праваслаўны Вялікдзень, Крэмль толькі "чарговым разам прадэманструе свой цынізм".

У Злучаных Штатах не выключаюць, што злітыя "засакрэчаныя дакумэнты Заходняй выведкі" маглі быць падробленыя. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на двух ананімных амерыканскіх чыноўнікаў. Reuters адзначае, што ў дакументах некаторыя дадзеныя паводле ацэнак страт на поле бою, падобна, былі змененыя. Акрамя таго адзін дакумент мае грыф "несакрэтны", але змяшчае звышсакрэтную інфармацыю. Улады ЗША расследуюць крыніцу ўцечкі, але незалежнай праверкі сапраўднасці дакументаў яшчэ не было. У Пентагоне не выключаюць таго, што за ўцечкай могуць стаяць "прарасійскія элементы".

Обстрелы Херсона и Запорожья, погиб ребёнок — 411-е утро войны в Украине
Дакументы апублікавала выданне NYT

У горадзе Камянец-Падольскі (гэта ў Хмяльніцкай вобласці) учора ў Вербную нядзелю адбыліся сутыкненні каля сабора Аляксандра Неўскага. Актывісты патрабавалі "аддаць ключы" ад царквы, а прадстаўнікі УПЦ Маскоўскага патрыярхату заяўлялі пра спробу захопу. Пра гэта піша"Суспільне". Паводле інфармацыі тэлеканала, раней гараджане сабралі больш за тысячу подпісаў за пераход храма ў прыход Праваслаўнай Царквы Украіны. Учора раніцай гараджане прыйшлі да сабора з патрабаваннем "перадаць ключы ад храма" і дапусціць туды рэвізійную камісію, якая пачала б інвентарызацыю.

Hromadske нагадвае, што на мінулым тыдні дэпутаты Хмяльніцкага абласнога савета аднагалосна падтрымалі забарону дзейнасці Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату на тэрыторыі вобласці. І ў Камянцы-Падольскім прынялі рашэнне аб спыненні дагавораў арэнды або карыстання УПЦ МП царкоўнымі збудаваннямі, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі