Абстраляныя Харкаў і Нікалаеў, ёсць загінулыя і параненыя — 126-я раніца вайны

Вайна ва Украіне працягваецца больш за чатыры месяцы / facebook.com/GeneralStaff.ua
Вайна ва Украіне працягваецца больш за чатыры месяцы / facebook.com/GeneralStaff.ua

Напярэдадні позна ўвечары расіяне зноў абстралялі Харкаў. У горадзе здарыўся пажар. Пра гэта паведамляе тэлекампанія "Суспільне". "У Харкаве ўвечары 28 чэрвеня адбыліся два ракетныя выбухі, пасля другога ў паўднёвай частцы горада ўспыхнуў пажар",перадаваў карэспандэнт"Суспільне". Дарадца старшыні Харкаўскага аблсавета Наталля Папова ноччу казала аб адным параненым. Гэта грамадзянскі чалавек.

Раніцай магутныя выбухі грымелі ў Мікалаеве. Адна з ракет трапіла ў мнрогапавярховы жылы дом. На дадзеных момант вядома пра 3 загінулых і 5 параненых.

На Данбасе расияне па-ранейшаму спрабуюць акружыць Лісічанск. Расійскія падраздзяленні наступаюць па кірунку Валчаяраўка-Верхнекаменка

"Сітуацыя ў Лісічанску цяпер нагадвае тое, што адбывалася ў Севераданецку крыху больш за месяц таму, у пачатку штурму горада, калі пачынаюць займаць дом за домам",піша раніцай у чацвер кіраўнік Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Прадстаўнікі так званай Луганскай Народнай Рэспублікі (ЛНР) сцвярджаюць, што ўкраінскія войскі адыходзяць ад Лісічанска, але пацверджання гэтых заяў няма. Пра гэта кажуць у амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны. Там дапускаюць, што ўкраінцы могуць пайсці на гэты крок — адступіць з баямі, як яны гэта зрабілі ў Севераданецку. Пры гэтым экперты падкрэсліваюць, што "стойкая, але абмежаваная ўкраінская абарона Севераданецка дорага абышлася рускім, нягледзячы на новую расійскую тактыку, накіраваную на абмежаванне страт".

Кіеў можа і далей прытрымлівацца гэтай тактыцы, пакуль расійская атака не дасягне кульмінацыі або ўкраінскія сілы не зоймуць больш абароненыя пазіцыі ўздоўж больш прамой лініі з умацаванымі гарадамі і пасёлкамі.

"Тэмпы і зыход наступнага этапу бягучай кампаніі могуць часткова залежаць ад здольнасці Расіі аднавіць баявую моц сіл, якія ўдзельнічалі ў бітве за Севераданецк", — адзначаюць у Інстытуце вывучэння вайны.

Обстреляны Харьков и Николаев, есть погибшие и раненые — 126-е утро войны
Сітуацыя на фронце ў раёне Лісічанска / understandingwar.org

Расійскія войскі ўчора таксама вялі наступальныя аперацыі на поўнач ад Славянска і нанеслі масіраваныя ўдары па населеных пунктах на захад ад Ізюма. Гэта, верагодна, сарвала ўкраінскія контрнаступленні, дапускаюць у Інстытуце вывучэння вайны.

Адначасова ўкраінскія сілы працягвалі контрнаступленне на поўнач ад Херсона і, як мяркуецца, вызвалілі два населеныя пункты.

У Савеце Бяспекі ААН напярэдадні ўшанавалі хвілінай маўчання памяць ахвяр расійскай атакі ў гандлёвым цэнтры ў Крэменчугу. Пра тое, як гэта было, распавёў у вячэрнім звароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Па яго словах, калі была аб'яўлена хвіліна маўчання, устала нават расійская дэлегацыя.

Еўрасаюз пачаў пастаўкі УСУ грузавікоў падвышанай праходнасці. Чакаецца перадача больш за 90 машын. Пра гэта паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны. Грузавікі перадаюцца для падтрымкі медыцынскіх, інжынерных і матэрыяльна-тэхнічных падраздзяленняў. Гэтая дапамога ўключае ў сябе забеспячэнне медыцынскім абсталяваннем (палявы шпіталь), інструментамі размініравання, абсталяваннем для павышэння магчымасцяў кіберабароны і іншым.

Акрамя таго, Германія і Нідэрланды паабяцалі Украіне яшчэ 6 гаўбіц. Кожная краіна перадасць па 3 адзінкі ўзбраення. Гаворка ідзе пра гаўбіцы 155-мм калібра Panzerhaubitze 2000 (Ph2000). Пра гэта ў кулуарах саміту NATO заявілі міністры абароны Германіі Крысцін Ламбрэхт і Нідэрландаў Касья Алангрэн, паведамляе тэлеканал Sky News. Раней гэтыя краіны ўжо перадалі  Украіне 12 гаўбіц.

"Мы дэманструем нашу рашучасць і нашу адданасць Украіне, і не будзем здавацца перад гэтай расійскай агрэсіяй", — сказаў, у прыватнасці, Алангрэн. Раней міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў казаў, што першыя нямецкія самаходныя гаўбіцы Panzerhaubitze2000 ўжо знаходзяцца на фронце.

На тым жа саміце NATO напярэдадні быў падпісаны мемарандума паміж Турцыяй, Швецыяй і Фінляндыяй. Анкара дала згоду на ўступленне скандынаўскіх краін у Альянс.

"Ён хацеў менш NATO, але зараз прэзідэнт Пуцін атрымае больш NATO ля расійскіх межаў", — пракаментаваў гэтую падзею генеральны сакратар Альянсу Енс Столнтеберг. Яго словы прыводзіць УНІАН.

У Расіі, тым часам, атрымалі электронную копію ноты Украіны аб увядзенні віз для расіян, паведамляе РБК. У Маскве паабяцалі адказаць "з улікам нацыянальных інтарэсаў і з улікам гуманітарнага складніка".

Пасля пачатку вайны Кіеў разарваў дыпламатычныя адносіны з Масквой. Пункты пропуску на мяжы дзвюх краін былі закрытыя. А ў сярэдзіне чэрвеня прэзідэнт Уладзімір Зяленскі абвясціў, што Украіна з 1 ліпеня ўводзіць візавы рэжым для грамадзян Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі