Абсалютная ўлада: рэпрэсіі не спыняцца нават пасля рэферэндуму?

Абсалютная ўлада: рэпрэсіі не спыняцца нават пасля рэферэндуму?

Магчымае падпісанне саюзных праграм з Лукашэнкам і глыбейшае ўцягванне Беларусі ў сферу інтарэсаў Расіі можа сведчыць пра тое, што ўсё гэта робіцца для чарговай перамогі Пуціна. Але нешта справы ў гэтым кірунку ідуць вельмі павольна — ці не гаворыць гэта пра паразу, а не “элегантную шматхадовачку” расійскага кіраўніка?

— Пасля выбараў [у Дзярждуму РФ у верасні. — Еўрарадыё] асаблівых прычынаў атрымаць перамогу менавіта зараз няма, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч. — Давайце не будзем забываць, што зараз беларускія ўлады — не такі добры партнёр, каб зрабіць нейкія стратэгічныя крокі. Легітымнасць Лукашэнкі пад пытаннем. Хутчэй за ўсё, любыя дамовы, якія ён падпіша, будуць стаяць пад пытаннем для будучага ўрада і значнай часткі грамадства.

Трэба таксама памятаць, што вялікага энтузіязму ў беларускага народа гэта не выклікае. Няма ніводнага сацыялагічнага даследавання, якое б паказвала, што насельніцтва вельмі хацела б шчыльнай інтэграцыі. Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што гэта не выклікае энтузіязму і ў Расіі. Таму, хутчэй, стратэгічная лінія РФ — не зрабіць нейкую вялікую перамогу, а проста паступова прывязваць Беларусь праз інстытуцыйныя механізмы да сябе, каб надзейна захаваць яе ў сферы свайго знешнепалітычнага ўплыву.

Існуе меркаванне, што рэпрэсіі па ліквідацыі СМІ і грамадскіх аб’яднанняў пачаліся менавіта праз жаданне беларускіх уладаў правесці ў стане інфармацыйнай згоды  рэферэндум па змене Канстытуцыі. Пройдзе рэферэндум — рэпрэсіі спыняцца?

— Падыход, калі ты можаш вырашыць усё сілай і гвалтам, разбэшчвае. Калі ты не можаш выкарыстаць гвалт, ты прыдумваеш нейкія схемы. Напрыклад, медыйныя праекты, якія забяруць аудыторыю ў тэлеграм-каналаў. Ты разбіваеш апазіцыю, адцягваючы да сябе нейкую яе частку — і ўсё гэта таму, што ты не можаш проста так узяць і ўсіх пасадзіць.

Апошнія месяцы паказалі, што такіх рамак няма, што гвалт можна ўжываць, ён эфектыўна працуе. Навошта працаваць над тым, каб адваяваць інфармацыйнае поле, працаваць над тым, каб зноў атрымаць большасць, каб знізіць рэйтынг апанентаў? Гэта патрабуе грошай, энергіі, крэатыву і шмат яшчэ чаго. А калі можна проста ўзяць ды ўсіх закрыць ці выгнаць, то чаму правядзенне рэферэндуму мусіць паставіць гэтаму кропку? — сумняваецца эксперт.

22 лістапада ў Вене мусіць адбыцца міжнародная канферэнцыя, якая прадугледжвае дыялог па “беларускім пытанні” паміж супрацьлеглымі бакамі. Ці ёсць надзея на тое, што гэта сустрэча дапаможа вырашыць ці хоць бы наблізіць вырашэнне палітычнага крызісу ў Беларусі?

— Вялікіх чаканняў у мяне, напэўна, няма, — кажа Андрэй Казакевіч. — Але калі ўсё складзецца, то гэта можа быць пачаткам — можа нават не прамых — кантактаў і кансультацый паміж двума бакамі. Перш за ўсё гэта было б карысна для краіны, таму што зараз мы бачым, як адбываецца палярызацыя, і з гэтым трэба нешта рабіць.

Гэта не пытанне перамоваў і дасягнення нейкіх кампрамісаў. Не трэба гэтага чакаць ад канферэнцыі. Але, можа быць, прынамсі, будзе нейкі дыялог, дыскусія ды абмен думкамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі