Абменнікі па-ранейшаму прадаюць толькі тую валюту, якую ім здаюць

“У найбліжэйшы час валюта з’явіцца ў абменніках у дастатковай колькасці”, — кажа ў пятніцу, 19 снежня, першы намеснік старшыні Нацбанка Тарас Надольны. Ён адзначае, што Нацбанк замовіў грошы ў замежных банках і “самалёты ўжо на падлёце” да Беларусі.

Паводле запэўненняў старшыні Нацбанка Надзеі Ермаковай, у пачатку гэтага тыдня сітуацыя з валютай павінная вырашыцца, і долараў хопіць усім.

Але панядзелак, 22 снежня, пакідае ўражанне, што сітуацыя з валютай не змянілася: долараў у многіх абменніках няма. Нягледзячы на тое, што за набыццё валюты людзі цяпер плацяць 30% камісіі.

Раніцай панядзелка абыходзім абменнікі. Першы за рогам рэдакцыі Еўрарадыё — невялікі філіял “Белаграпрамбанка”. Касір быццам вінавата круціць галавой — амерыканскіх грошай няма і не завозілі.

“Толькі тое, што здаюць людзі, і прадаём. Але ў мяне і ў калегі касы пустыя. Долараў няма, нічога”, — сумна кажа касір. Чэргаў няма, толькі адзін мужчына адкрывае сабе ўклад пад 50%.

У абменніку “Беларусбанка” знаходзім адразу 105 долараў!

“Вы пра камісію ў 30% ведаеце?” — ветліва пытаецца касір і нават падлічвае на калькулятары, у колькі мне абыдуцца 105 долараў. Атрымліваецца паўтара мільёна. Валюты не завезлі і ім. Тут толькі адзін чалавек, які аплачвае мабільнік.

Ідзем далей, у “Беларусбанку”, што на вуліцы Кірава, вялізная чарга. Няўжо ўсе па валюту? Аказваецца, проста аплачваюць камунальныя плацяжы. Дзяўчына-кансультант таксама кажа, што грошай у іх няма. Не завезлі.

У абменніках на чыгуначным вакзале знаходзім долары!

“Валюта ёсць! — радасна ўсклікае касір. — 10 долараў і 50 рублёў”.

Асабліва не пажывішся. Яшчэ адзін абменнік “МТБанка” закрыты і адзін абменнік “Беларусбанка” пусты.

А вось у абменніку “БПС-Сбербанка” знаходжу адразу 228 долараў! Але і ў іх толькі тое, што прынеслі людзі. Дадаткова валюты не завозілі, і план урада выкананы — чэргаў і ажыятажу няма.

“У нас валюты няма, працуем з абароту. Тое, што людзі здалі, і прадаём. Калі будуць долары, самі не ведаем”, — тлумачаць у абменніку “Беларусбанка” ў Брэсце. Калі вырашыцца сітуацыя з валютай і яна з’явіцца ў свабодным доступе, ніхто там не ведае.

Агулам у 14 абменніках мы знайшлі 343 долары і 50 расійскіх рублёў.

“Ніякай забароны на продаж валюты няма. Калі прыбудзе партыя валюты для падмацавання абменнікаў, яна паступіць у банкі. Пакуль ніякіх звестак не паступала”, — кажуць у прэс-службе Нацбанка. Пра тое, калі сітуацыя з валютай выправіцца, тут нічога дакладнага сказаць не могуць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі