Абітурыент Акадэміі МУС: Захацеў стаць міліцыянерам пасля фільма “Глушэц”

Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў 9 ліпеня пачала прыём дакументаў. Але ля самой ВНУ аб 11 гадзіне раніцы немнагалюдна. Першых абітурыентаў Еўрарадыё давялося чакаць цягам паўгадзіны. 
 
Для Іллі стаць міліцыянтам — даўняя мара.
 
“Я вырашыў стаць міліцыянерам, калі я паступіў у кадэцкае вучылішча, сам туды прыйшоў, па асабістай ініцыятыве. І адразу ж была мара — міліцыянерам. Па-мойму міліцыянер павінен быць добразычлівым, каб дапамога людзям была, законапаслухмяным. Законы напісаны для ўсіх, а не для асобных людзей”.
 
Хлопец прызнаецца, што на ЦТ набраў балаў па мінімуме.
 
“Рускую мову здаў на 25, грамадства — 27, матэматыку — на 15. Я яшчэ не лічыў, але я мінімум набраў і, дасць Бог, паступлю”, — без сумневаў кажа мне абітурыент Ілля. Ён спадзяецца, што вучоба ў кадэцкім вучылішчы пры роўных ўмовах са школьнікамі дасць яму перавагу. 
 
Дарэчы, у мінулым годзе, каб паступіць у Акадэмію МУС, трэба было набраць мінімум 139 балаў для гарадскіх школьнікаў на крымінальна-выканаўчы факультэт і максімальны прахадны бал быў на следча-экспертным факультэце — усяго 222 балы разам з атэстатам.
 
Наступны абітурыент Віталь на пытанне Еўрарадыё, якім павінен быць міліцыянер, нечакана... заходзіцца ад смеху.
 
Добрым, разумным… Аддавацца поўнасцю сваёй працы, не шкадаваць сіл, быць шчырым, справядлівым”, — ніяк не супакоіцца ад смеху Віталь і дадае, што яго выбар зроблены даўно — родныя ў міліцыі. Але было цікава самому, “прываблівая гэтая спецыяльнасць — аператыўна-вышуковая дзейнасць, гэта больш разумовая праца”.
 
Хлопец набраў 220 балаў. Кажа, што летась прахадны быў 161. Вельмі і вельмі неблагія шанцы на паступленне. 
 
Абітурыент Андрэй прыйшоў падаваць дакументы з мамай. Але асаблівага хвалявання ці мандражу не адчувае. Набраўшы 262 балы, Андрэй, хутчэй за ўсё, пройдзе — у мінулым годзе трэба было мінімум 204.
 
“Хачу зарабляць многа грошай, на пенсію хутчэй пайду”, — нечакана шчыра прызнаецца Еўрарадыё Ганна. Дзяўчына яшчэ не падавала дакументы, забірала сертыфікаты, але сваю будучыню ўжо выбрала.
 
Абітурыент Зміцер кажа, што хоча стаць вайскоўцам, бо ў яго сям’і ўсе ваенныя. Ён набраў на тэставанні болей за 180 балаў. Не шмат.
 
“У нас традыцыя: усе ваенныя, палкоўнікі, хацелася б звязаць жыццё з сілавымі ведамствамі. Дома рыхтаваўся, па кнігах, маці матэматык, а таксама курсы Акадэміі МУС”, — кажа Зміцер. Ён лічыць, што супрацоўнік органаў унутраных спраў не павінен быць абыякавым да людзей, бо міліцыянер — прадстаўнік улады. Будучы міліцыянер мае звычайныя захапленні: цяжкая атлетыка, рок і класіка. З найбольш упадабаных гуртоў называе Rammstein, Skillet, перыядычна ўключае Вівальдзі. 
 
Сумна падлічваю, што за дзве гадзіны дзяжурства Еўрарадыё ў акадэмію прыйшло не болей за 10 рэальна жадаючых падаваць дакументы. Супакойваюся думкай, што сёння толькі першы дзень падачы дакументаў і мо ажыятаж яшчэ будзе. 
 
Самоту развейвае абітурыент Сяргей. Пра мары і спадзяванні будучы міліцыянт літаральна рапартуе!
 
“Я хачу паступіць у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. З дзяцінства марыў пра гэтую прафесію. Захацеў быць следчым пасля фільмаў”.
 
Еўрарадыё: Пасля фільмаў? Якіх? 
 
Абітурыент Сяргей: "Глушэц" вось паглядзеў, спадабалася. Гэта, можна сказаць, праца для сябе. Заробак, канечне, невялікі, але льгот многа, і кватэры будаўніцтва, і ўсё”.
 
У першы дзень прыёму дакументаў у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў на 15.00 падало дакументы 25 хлопцаў, у тым ліку 7 чалавек на завочнае аддзяленне.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі