Абаронца "Славіі", святкуючы забіты гол, атрымаў траўму

У панядзелак, 27-га красавіка, ФК “Славія-Мазыр” выдаў чарговую яркую гульню. У няпростай сітуацыі палешукі перайгралі ў гасцях жодзінскі “Тарпеда-БелАЗ”, забіўшы адзіны гол на 64-й хвіліне.

Журналіст сайта by.tribuna.com Аляксандр Івулін, які назіраў за матчам, заўважыў, што, у момант святкавання забітага Дзянісам Лапцевым гала, абаронца “Славіі” Арцём Шут (на здымку) паваліўся і не змог працягнуць гульню. На пару хвілін каманда гасцей апынулася ў меншасці. Але на 67-й хвіліне Шута, які выбыў з гульні, замяніў паўабаронца Аляксандр Раеўскі, якому давялося заняць нязвыклую для сябе пазіцыю цэнтральнага абаронцы. Тым не менш “Славія” ў няпросты момант змагла ўтрымаць перамогу.   

Цікавімся ў галоўнага трэнера палешукоў Юрыя Пунтуса, што здарылася з 19-гадовым Арцёмам Шутом.

“У момант радасці за брамай ён насамрэч не атрымаў траўму — у яго звяло ікры. Адбылося гэта з-за таго, што напярэдадні ў нас здарылася непрыемнасць. Грачышка, цэнтральны абаронца, на перадгульнявой размінцы атрымаў траўму галенастопа і не змог гуляць. Мне давялося ставіць ў асноўны склад Арцёма Шута, які за дзень да гэтага адгуляў адзін тайм на сінтэтыцы. І ў яго ад нагрузкі звяло ікру, звяло так, што не змог працягваць”, — патлумачыў Еўрарадыё Юрый Пунтус.

Трэнер згадаў і тое, што ў першых турах чэмпіянату “Славія” страціла дваіх цэнтральных абаронцаў. Нягледзячы на кадравы голад, клуб з Мазыра несумненна паказвае цікавую гульню, займае 8-е месца ў турнірнай табліцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі