34 хвіліны ў прайм-тайм: як Лукашэнка (не) карыстаецца ТБ-эфірам для агітацыі

Звычайны навінавы выпуск на беларускім ТБ / Еўрарадыё
Звычайны навінавы выпуск на беларускім ТБ / Еўрарадыё

28 ліпеня альтэрнатыўныя кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі другі (і апошні) раз выступілі са сваімі зваротамі па дзяржаўным тэлебачанні. У кожнага быў ліміт выступу ў паўгадзіны, аднак ніхто не скарыстаўся гэтым часам напоўницу. Даўжэй за ўсё на экране бліскала і піла вадзічку Ганна Канапацкая — 24 хвіліны 30 секунд, а самым хуткім аказаўся Сяргей Чэрачань —16 хвілін 30 секунд. Святлана Ціханоўская і Андрэй Дзмітрыеў справіліся за 22 і 24 хвіліны адпаведна.

Выбарчы кодэкс прадпісвае СМІ даваць аднолькавы эфірны час усім кандыдатам у прэзідэнты. Але ў тэлевізійным парадзе кандыдатаў ні першы, ні другі раз не ўдзельнічаў Аляксандр Лукашэнка — ён ад агітацыйных эфіраў адмовіўся. Здавалася б, альтэрнатыўныя кандыдаты атрымалі перавагу... Але ці так гэта? Колькі хвілін яны правялі ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання, вы ўжо ведаеце. А колькі хвілін было прысвечана кіраўніку Беларусі?

Не толькі “Беларусь 1”

Лукашэнку нішто не перашкаджае з'яўляцца на экране і без афіцыйнай агітацыі. Апошнім часам без яго абыходзіцца рэдкі навінавы выпуск на "Беларусь 1", АНТ і СТВ. Вывучым прайм-тайм беларускіх каналаў.

Выніковы выпуск праграмы "Нашы навіны" на канале АНТ выйшаў у 20:30. Першы ж сюжэт прысвечаны візіту Аляксандра Лукашэнкі ў частку 3214 унутраных войскаў МУС, дзе акрамя іншага прагучала ягоная заява аб тым, што ён бессімптомна перахварэў на каранавірус.

Працягласць — 10 хвілін 28 секунд.

Праграма "Панарама", якая выходзіць на "Беларусь 1" у 21:00, таксама пачынаецца з сюжэту пра тое, як кіраўнік дзяржавы наведвае сілавікоў. Працягласць — 12 хвілін 15 секунд.

На дапамогу тым, хто прапусціў папярэднія выпускі, у 22:30 прыходзіць тэлеканал СТВ. У 20-хвіліннай праграме "Навіны "24 гадзіны" Лукашэнку, вайсковай частцы 3214 і бессімптомнаму каранавірусу аддадзеныя 11 хвілін 21 секунда.

Разам — 34 хвіліны і 2 секунды. І гэта толькі ў вечаровы час! З'яўленне Лукашэнкі ў кароткіх дзённых выпусках навін на ўсіх трох ТБ-каналах мы не ўлічвалі.

На Youtube — без альтэрнатыўных кандыдатаў

Усе навінавыя выпускі мы паглядзелі на афіцыйных YouTube-каналах "Агульнанацыянальнага тэлебачання", "Агенцтва тэлевізійных навін" і "Сталічнага тэлебачання". А вось выступы альтэрнатыўных кандытатаў на канале АНТ, дзе публікуюцца выпускі навін "Беларусь 1", заліць чамусьці забыліся.

30 ліпеня кандыдаты ў прэзідэнты зноў трапяць на экраны дзяржаўнага тэлебачання. Увечары гэтага дня пройдуць іх тэледэбаты. Ад удзелу ў іх адмовіўся не толькі Аляксандр Лукашэнка, але і Ганна Канапацкая. Першы, як мы памятаем, агітацыяй не карыстаецца. А экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў не бачыць сэнсу ўдзельнічаць у дэбатах без "адзінага моцнага саперніка".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі