32-гадовы спецыяліст скраў у банка $56 тысяч, вярнуў толькі 500 долараў

У Гомелі суд неўзабаве можа пачаць разгляд справы 32-гадовага банкаўскага служачага. Ён працаваў у філіяле "Белаграпрамбанка" вядучым спецыялістам і "шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі" скраў 56100 долараў.  

Як піша газета "СБ. Беларусь сегодня", мужчына ў кастрычніку мінулага года двойчы афармляў дакументы і пераводзіў валюту з субкарэспандэнцкага рахунка на транзітны (спачатку 46500, праз два тыдні яшчэ 9600 долараў). Пасля ён раздрукаваў плацёжны ордэр і па ім атрымаў у касе грошы, як звычайны кліент. Дарэчы, у транзітным рахунку былі пазначаны сапраўдныя дадзеныя зламысніка, таму, калі ў банку выявілі недахоп сродкаў, яны лёгка выйшлі на след.

Намеснік начальніка аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Гомельскай вобласці Раман Герасімаў кажа, што банкаўскі служачы са сваім таварышам пачаў бізнэс, яны прадавалі бытавую тэхніку. Для гэтага давялося пазычыць вялікую суму грошай. Аднак, калі яны купілі тэхніку, з-за нейкіх парушэнняў увесь тавар арыштавалі. Каб разлічыцца з даўгамі, мужчына і вырашыў скарыстацца банкаўскімі сродкамі.  

Зламысніку пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Дарэчы, з дзясяткаў тысяч скрадзеных грошай ён вярнуў банку толькі 500 долараў.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі