3 лістапада ў Мінску пройдзе антыкамуністычны форум
У Мінску пройдзе кангрэс “У будучыню без камунізму”. Ён прызначаны на 3 лістапада. У аргкамітэт па яго правядзенню ўвайшлі: Павел Севярынец, адзін з
кіраўнікоў аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская
дэмакратыя”, Алесь Міхалевіч, намеснік старшыні Партыі БНФ, Ігар
Кузняцоў, гісторык, даследчык бальшавіцкіх злачынстваў у Беларусі.
Іх
узрушыла, што з падачы беларускіх уладаў, 3-5 лістапада сёлета ў Мінску
мусіць прайсці міжнародная сустрэча камуністычных партыяў.
Таму
Севярынец, Міхалевіч і Кузняцоў задумалі правядзенне ў Мінску форума,
каб прадэманстраваць усяму свету, што “Беларусь не будзе фарпостам
камуністычнай экспансіі ў Еўропе”.
Вось што распавёў “Еўрарадыё” Алесь Міхалевіч:
“Мы хочам паказаць, што беларускі народ з’яўляецца часткай еўрапейскай
цывілізацыі і з’яўляецца нацыяй, якая пацярпела ад камуністычнай улады.
І мы ніколі не змірымся з распаўсюдам такой антыгуманнай ідэалогіі, як
камунізм”.
Паводле словаў Міхалевіча, на кангрэс збяруцца прадстаўнікі абсалютна
розных арганізацый, у тым ліку моладзевых. Чакаюцца госці з замежжа.
Зараз рыхтуюцца даклады пра злачынствы камунізму і праект рэзалюцыі з
пратэстам супраць правядзення ўсялякіх камуністычных мерапрыемстваў на
тэрыторыі нашай краіны.