27 лістапада адзначаюцца ўгодкі Слуцкага збройнага чыну

Байцы беларускага атрада Лукаша Семенюка

Байцы беларускага атрада Лукаша Семенюка / wikipedia.org

27 лістапада адзначаюцца ўгодкі Слуцкага збройнага чыну (Дзень Герояў). У лістападзе 1920 года на Случчыне пачаліся баі войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі з Чырвонай Арміяй. Сфармаваныя пераважна з сялянаў падраздзяленні ваявалі за незалежнасць Беларусі. Сёлета з'явілася прапанова лічыць гэтыя падзеі беларуска-савецкай вайной.

"Гэтак, як сёння ўкраінскія героі змагаюцца, каб выратаваць свой край ад нападу з Усходу, гэтак і ў 1920 годзе 10 тысячаў случчакоў узялі зброю ў рукі, каб бараніць ад расійскай навалы Беларускую Народную Рэспубліку, кажа ў сваім відэазвароце старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. — Ніхто, нажаль, ім не дапамог — не было ў іх нават і зброі для кожнага змагара, але нашыя героі стрымалі ледзь не на месяц бальшавіцкі напад".

У нядзелю ў Варшаве беларусы святкавалі 103-ю гадавіну Слуцкага збройнага чыну. Мерапрыемства было прысвечана памяці герояў мiнулага i сучасным героям, якія аддалі свае жыцці за свабоду Беларусі і Украіны, а таксама тысячам палітвязняў у РБ.

"Сёння Беларусі зноў пагражае паглынанне. Як і 100 гадоў таму, Расія насаджае ўласныя ідэі і каштоўнасці, каб знішчыць нашае права на самавызначэнне, кажа ў відэазвароце кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская. — Але мы не маем права саступіць у гэтай барацьбе. Бо інакш знікне не толькі наша краіна, але і наша ідэнтычнасць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі