Вы тут

26-ы "Лістапад": "Возера радасці", Лаўрэцкі, Ксаўе Далан і канец цэнзуры

Леташні Нацыянальны конкурс кінафестывалю "Лістапад" запомніўся скандалам з цэнзурай. Тады канчатковае рашэнне вылучаць ці не вылучаць фільм было ў Мінкульта. У выніку на конкурс не дапусцілі некалькі фільмаў, а некаторыя аўтары адклікалі свае працы ў знак пратэсту. Цяпер сітуацыя быццам бы выправілася. Так, дакументальная карціна "Стрыптыз і вайна" Андрэя Куцілы, якая не патрапіла ў леташнюю праграму, гэтым разам усё ж такі будзе паказаная на фестывалі. Дырэкцыя запэўнівае, што сёлета з Мінкультам знойдзена агульная мова:

"Сапраўды, у мінулым была сітуацыя, калі дырэкцыя фестывалю не несла поўнай адказнасці за праграму. Сёлета працэс адбыўся ў рабочым парадку, праграма, якая прадстаўлена сёння, адпавядае думцы дырэкцыі, у гэтым плане быў дасягнуты кансэнсус", — растлумачыў каардынатар Нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўранюк.

Дваццаць шосты "Лістапад" пройдзе ў Мінску з першага да восьмага лістапада. Агульны бюджэт сёлета склаў 450 тысяч долараў, што, па запэўненні арганізатараў, вельмі сціплая лічба ў параўнанні з іншымі міжнароднымі фестывалямі.

Нацыянальны конкурс не без спрэчных момантаў

Ужо шосты раз на "Лістападзе" праходзіць Нацыянальны конкурс, дзе ў намінацыях "Ігравое кіно", "Дакументальнае кіно" і "Анімацыйнае кіно" беларускія фільмы змагаюцца за першынство.

Сёлета конкурс ігравога кіно аказаўся зусім невялікім, усяго пяць фільмаў: камерная драма "Пляж/Лес/Тамбур" Кірыла Галіцкага і Святланы Казлоўскай, эма-хорар "Сашава пекла" Мікіты Лаўрэцкага, фільм па матывах рамана Віктара Марціновіча "Возера радасці" Аляксея Палуяна, новы фільм пераможцы нацыянальнага конкурсу 2017 года "Апошні дзень гэтага лета" Юліі Шатун і Мікіты Аляксандрава і "1986" Латара Херцага.

Апошні фільм выклікаў спрэчкі наконт таго, наколькі абгрунтавана трапіў у Нацыянальны конкурс. Бо рэжысёр, сцэнарыст, здымачная каманда і фінансаванне цалкам нямецкае. Каардынатар Нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўранюк растлумачыў рашэнне дырэкцыі тым, што фільм цалкам зняты ў Беларусі і абсалютна аўтэнтычны:

"Мы не адчуваем тут нейкай фальшы або ўмоўнасці, якая часта адчуваецца ў работах замежных рэжысёраў пра Беларусь ці нейкую іншую краіну. У фільме прымала ўдзел вялікая колькасць беларускіх кінематаграфістаў і тыя ж Кірыл Галіцкі і Мікіта Лаўрэцкі. Мне здаецца, яны шмат што прыўнеслі, таму тут дырэкцыя пайшла на такі крок і ўключыла гэты фільм у конкурс. Тэматычна ён закранае і сучасную Беларусь, і ў той жа час боль і траўму чарнобыльскай трагедыі".

Дакументальнае кіно: ЖЭС-арт, сляпыя футбалісты і прыёмныя дзеці

Нацыянальны конкурс дакументальнага кіно сёлета складаецца з дзевяці карцін. Арганізатары кажуць, што па ўзроўні праграма адпавядае міжнароднай праграме добрага фестывалю.

  1. Фільм пра зборную невідушчых людзей па футболе "Трэнер" Вольгі Абрамчык.
  2. Інтымная спроба вывучэння адносін маладой пары ў "Гульні ў класікі" Дар'і Дэмура. 
  3. Гісторыі раздзеленых па розных сем'ях прыёмных дзяцей у карціне "Адна сям'я" Наталлі Жамойдзік. 
  4. Вывучэнне невялікіх і схаваных ад вачэй грамадства гісторый і людзей у фільме "Хронікі ртуці" Сашы Кулак і Бэн Геза. 
  5. Жыццё пажылых людзей у цэнтры сацыяльнага догляду ў "Перазімаваць" Ева-Кацярыны Махавай. 
  6. Асабістая гісторыя адносін з сям'ёй пажылой жанчыны, што засталася ў Крыме пасля 2014 года ў "Мая бабуля з Марса" Аляксандра Міхалковіча.
  7. Гістарычная документалка "Вялікае падарожжа князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі" Юрыя Цімафеева. 
  8. Карціна пра Мінск і ЖЭС-арт "Чыстае мастацтва" Максіма Шведа.
  9. Нашумелы на фестывалі дакументальнага кіно ў Амстэрдаме фільм "Summa" Андрэя Куцілы.

 

У Нацыянальным конкурсе анімацыйных фільмаў будзе змагацца шэсць мультфільмаў вытворчасці "Беларусьфільма". Гэта "Прыгажун і пачвара" Наталлі Дарвінай, "Дантэ. Беатрычэ" Ірыны Кадзюковай, "Паданне пра гуслі" Таццяны Кубліцкай, "Чартапалох" Яўгена Надтачэя, "Магістр вольных мастацтваў" Алены Пяткевіч і "Найлепшае месца на зямлі" Ірыны Тарасавай.

Пазаконкурснае кіно: Кшыштаф Занусі, Ксаўе Далан і Аляксандр Лунгін

З бонусаў: будуць арганізаваны спецыяльныя паказы новага фільма Кшыштафа Занусі "Эфір" пра ваеннага доктара, які ставіць эксперыменты над людзьмі.

Ёсць магчымасць паглядзець "Генезіс" канадскага рэжысёра Філіпа Лесажа пра непазбежныя трагедыі юнацтва: першае каханне, пакутлівы пошук сябе і барацьбу за ўласныя ідэалы, якія перастаюць здавацца непарушнымі.

А яшчэ будуць круціць новы фільм беларускай рэжысёркі Улады Сяньковай "II" пра трох падлеткаў, якія вучацца разам у дзясятым класе і жывуць звычайным жыццём падлеткаў. Але аднойчы гэты маленькі свет узрушыць навіна, з-за якой усе страхі і забабоны вылезуць вонкі.

У рамках праграмы "Майстар-клас" будзе паказаны фільм Ксаўе Далана "Матыяс і Максім" пра двух неразлучных сяброў Матыяса і Максіма, што аказваюцца на здымачнай пляцоўцы кароткаметражкі. Але, як заўсёды, нешта пойдзе не так. Таксама ў гэтай праграме будуць паказаны фільмы "Спыненне" рэжысёра Лаў Дыяса, "Жанна" Бруно Дзюмона, "Возера дзікіх гусей" Дзяа Інаня, "Праўда" Хіракадзу Корэ-Ада, "Анталогія горада-здані" Дэні Катэ, "Адной чароўнай ноччу" Крыстофа Анарэ і "Асцярожна — дзеці!" Даг Ёхана Хёўгеруда.

Расійскае кіно сёлета не ўрадзіла. На фестывалі прадставяць усяго два фільмы, адзін з якіх — "Вялікая паэзія" Аляксандра Лунгіна пра двух братоў, якія працуюць інкасатарамі і ў нейкі момант вырашаюць пайсці на рабаванне.

Усяго ў пазаконкурснай праграме плануецца паказаць больш за 60 фільмаў рэжысёраў самага рознага калібру: ад мастадонтаў накшталт Роя Андэрсана з яго новым фільмам "Пра бясконцасць" да іранскіх і філіпінскіх рэжысёраў накшталт Бакшы Магадама з дакументальным фільмам "Дом для цябе" і Лаў Дыясам з карцінай "Спыненне". Поўная праграма "Лістапада" хутка будзе даступная на сайце фестывалю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.