20:42 Калдун выступіць з беларускамі з балету Кіркорава

12 сакавіка ў Хельсінкі адбылася жараб’ёўка парадку
выступаў у фінале і паўфінале конкурсу “Еўрабачанне”. Зміцер Калдун, які будзе
прадстаўляць Беларусь на конкурсе, чакаў вынікаў у Мінску, а ў Фінляндыю
выцягваць нумар паехалі Аляксандр Ціхановіч і Філіп Кіркораў.

Пакуль Калдун
адпачывае на радзіме пасля часткі прома-туру, мы вырашылі спытаць яго, дзе ён
ужо быў і як яго ўспрымалі:


“Мы наведалі 9 краінаў – гэта Ірландыя, Гішпанія, Грэцыя,
Кіпр, Літва, Украіна і ўсе краіны былой Югаславіі. Мы пазнаёміліся з
прадстаўнікамі ўсіх краінаў, якія наведалі. Канешне ж, калі такога ўжо выбралі.
Напрыклад, у Гішпаніі я патрапіў толькі на чвэрцьфінал, яны даволі позна
выбралі свайго ўдзельніка.


Увогуле, мне вельмі падабаецца так ездзіць, хаця б
дзеля таго, каб паглядзець на іншыя краіны. Я не думаю, што на гэтым этапе
ўдзельнікі паказваюць тое, што будуць паказваць непасрэдна на конкурсе. Таму
папярэдніх вынікаў я рабіць не магу. Каб нічога потым не сурочыць.


Магу дадаць,
што ўсе ўдзельнікі даволі добразычлівыя, нават дапамагаюць адзін аднаму. Справа
ў тым, што я не адчуваю ніякай канкурэнцыі, хутчэй наадварот, існуе адчуванне
агульнай працы і агульнага свята”.


Вядома ж мы не маглі не спытаць у
Змітра пра яго шоў-праграму:


“Шоў-праграма яшчэ не гатовая. Падрыхтоўка канчатковага
нумару запланаваная на 23 красавіка, калі я паеду ў Маскву, дзе ўжо буду
займацца з харэографамі. Магу сказаць,
што тая аснова, якая ўжо зараз існуе на прома-туры, застанецца, проста ў нумар
дададуцца нейкія таямнічыя фішкі”.


На жаль, што гэта за фішкі,
Зміцер адмовіўся адказваць, але дадаў, што дзве дзяўчыны, якія зараз выступаюць
з ім, таксама застануцца ў фінальным шоў.


Дарэчы, завуць іх Наташа і Ілона, яны
беларускі, якія скончылі Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і ўжо
некалькі год працуюць у балеце Кіркорава. У канцы размовы мы спыталі Калдуна,
як ён ставіцца да сваёй чацвёртай пазіцыі на паўфінальным выступленні:


“Чым бліжэй да канца, тым лепш, але мой нумар чатыры. На
мой погляд, парадак выступлення ніяк не ўплывае на вынікі. Гэта проста яшчэ
адна прычына апраўдацца, калі ты аблажаўся. Маўляў, у нас было лепшае
выступленне, але мы выйшлі на сцэну першымі і на нас забыліся.


Калі я,
напрыклад, аблажаюся, я ні ў якім разе не буду абвінавачваць сваю пазіцыю на
выступленні, а буду лічыць вінаватым выключна сябе”.


Дадам, што праз тыдзень Калдун працягне прома-тур
у якім запланаваны
Польшча і Румынія. І нагадаю, конкурс еўрапейскай песні “Еўрабачанне-2007” адбудзецца з 10 па 12
траўня ў Хельсінкі і ў гэтым годзе ў ім
возьме
ўдзел
рэкордная колькасць краін — 42, у тым ліку ўпершыню заяўленыя Чэхія і Грузія.