Вы тут

17 гадоў таму зніклі палітыкі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі

Сямнаццаць гадоў таму ў Мінску пры невядомых абставінах зніклі апазіцыйны палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Увечары 16 верасня 1999 года іх апошні раз бачылі каля лазні на вуліцы Фабрычнай, 20, адкуль яны выйшлі і затым селі ў “Джып-Чэрокі”, які належаў Красоўскаму.

Ганчар быў ў камандзе Аляксандра Лукашэнкі і дапамог яму прыйсці да ўлады, а затым сышоў у апазіцыю. Красоўскі быў яго сябрам.

Крымінальную справу па факце іх знікнення распачала пракуратура Мінска. Як выявіла следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзеныя асколкі фар ад аўтамабіля, сляды тармажэння машыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Экспертыза паказала, што кроў належала Ганчару з верагоднасцю 99,6%.

Аналіз сабраных звестак і паказанняў даваў падставы меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі. Прадстаўнікі апазіцыі і родныя зніклых лічаць, што выкраданне адбылося па палітычных матывах і да гэтага злачынства спрычыніліся вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы.

За чатыры месяцы да знікнення Ганчара і Красоўскага, 7 траўня 1999 года, у Мінску таксама пра нявысветленых абставінах знік яшчэ адзін апазіцыйны палітык, былы міністр унутраных справаў Беларусі Юрый Захаранка. Ён таксама ў свій час уваходзіў у каманду Лукашэнкі. Па факце яго знікнення распачалі крымінальную справу “наўмыснае забойства”, якая не закрытая дагэтуль, нагадвае БелаПАН.