Вы тут

15 гадоў калоніі за забойства ў 1984-м у Гомелі таксіста

sk.gov.by

55-гадовы жыхар Рэчыцкага раёна асуджаны на 15 гадоў калоніі з канфіскацыяй усёй маёмасці за забойства таксіста, здзейсненае амаль 35 гадоў таму. Такое рашэнне ў пятніцу вынес Гомельскі абласны суд. Мужчына прызнаны вінаватым у разбоі, учыненым групай асоб па папярэдняй змове з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Таксама яго прызналі вінаватым у наўмысным забойстве, учыненым з карысці і з асаблівай жорсткасцю. Асуджанага чакае прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму, інфармуе прэс-служба Вярхоўнага суда.

У лютым 1984 года ўначы двое мужчын папрасілі таксіста іх падвезці. Па папярэдняй змове, яны ў салоне напалі на яго, пачалі душыць і збіваць, нанеслі раненні шылам. Пасля таксіста збівалі на вуліцы. Яго амаль без вопраткі пакінулі на лёдзе возера. Ад атрыманных цялесных пашкоджанняў мужчына памёр. Зламыснікі завалодалі грашыма, асабістымі рэчамі і дакументамі кіроўцы таксі.

Раскрыць забойства ўдалося толькі праз дзесяцігоддзі, калі было зафіксаванае супадзенне адбітку далоні, пакінутага на месцы злачынства ў 1984-м, і адбітку, узятага ў арыштаванага за рабунак мужчыны. У выніку было адноўленае расследаванне і сабраныя доказы віны вяскоўца. Прысуд яшчэ не набыў законную сілу. Вядома, што раней мужчына неаднаразова быў асуджаны.

Фота: sk.gov.by