14 украінскіх пісьменнікаў заступіліся за выдаўца Логвінава (адкрыты ліст)

Падаем яго тэкст:

“Выказваем сваё абурэнне з нагоды пазбаўлення ліцэнзіі мінскага выдавецтва “Логвінаў”. Гэты крок з боку беларускага міністэрства інфармацыі ніякім чынам не стасуецца з прынцыпамі свабоды слова, адно заганяе літаратуру і мастацтва ў стан, знаёмы нам з не найлепшых савецкіх часоў.

Добрая літаратура, як вядома, – дзейсны сродак супраць закасцянелых стэрэатыпаў і аднабокіх, негатыўных ўяўленняў пра краіну і яе жыхароў. Таму нас, прадстаўнікоў суседняй літаратуры, не можа не хваляваць збядненне літаратурнага поля Беларусі, якое абавязкова паследуе за зачынннем уплывовага выдавецтва. Нагадаем, што “Логвінаў” публікуе выдатныя творы мастацкай літаратуры, а таксама альбомы па мастацтве, якія фармуюць культурны ландшафт краіны. Выдавецтва, шырока вядомае ва Ўкраіне, станоўча ўплывае сваёй дзейнасцю на імідж Беларусі, прэзентуе сваю краіну як культурную і літаратурную еўрапейскую дзяржаву з насычаным грамадскім і прыватным жыццём. Акрамя таго, выдавецтва “Логвінаў” актыўна працуе з іншымі літаратурамі, у тым ліку і з украінскай. Менавіта ў выдавецтве “Логвінаў” пабачылі свет перакладныя кнігі Юрыя Андруховіча і Сяргія Жадана. Выхад у свет гэтых кніг стаўся падзеяй у літаратурным жыцці абедзьвюх краін і правёў да ўсплёска ўзаемнага зацікаўлення.

Такім чынам, мы заклікаем беларускае міністэрства інфармацыі як найхутчэй вярнуць выдавецтву “Логвінаў” ліцэнзію, спыніць наступ на беларускую літаратуру”.

Пад адкрытым лістом падпісаліся Марыя Мацёс, Юры Андруховіч, Андрэй Куркоў, Андрэй Бондар, Андрэй Какацюха, Юрко Прохаська, Аляксандра Каваль, Багдана Маціяш, Сяргей Жадан, Ірэна Карпа, Растыслаў Мельнікаў, Іван Малкавіч, Ларыса Дзенісенка, Мар’яна Кіяноўская.

Нагадаем, што выдавецкую ліцэнзію ў Ігара Логвінава Міністэрства інфармацыі адклікала 23 верасня. Прычынай стала выданне альбома “Прэс-фота Беларусі 2011”, які летам суд Ашмянскага раёна прызнаў экстрэмісцкім.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі