11-гадовага беларускага футбаліста чакаюць у "Барселоне", а ён "завіс" праз ВНЖ

Лёша Маёраў

Лёша Маёраў / @rubanau_collage

Адзінаццацігадовы беларускі футбаліст Аляксей Маёраў мог бы проста цяпер трэніравацца ў акадэміі "Барселоны", але праз праблемы з дакументамі вымушаны часова заставацца ў меншым клубе. Зараз Лёша гуляе за "Серданьёлу", расказвае футбольны агент з Іспаніі Карына Шумета. Размова з ёй выйшла на ютуб-канале "Футмол".

Паводле Карыны, сям'я, прыехаўшы ў Іспанію і пачаўшы працэс легалізацыі, звярнулася "не да тых людзей".

Іх падвялі. І ўся сям'я засталася без іспанскага віду на жыхарства. А па законах Іспаніі, калі ў вас няма віду на жыхарства, вы не маеце права гуляць у Лізе.

"Барса" чакае яго — ужо другі год пайшоў, як яны яго чакаюць. Але не могуць прыняць праз адсутнасць дакументаў.

— "Барса" асноўная, дзе конкурс 20 тысяч чалавек на месца? — перапытвае вядоўца ютуб-канала.

Так, — адказвае агент. — Гэтага дзіцяці запрашаюць і "Барса", і "Мадрыд", і "Валенсія". Тут чарга стаіць за гэтым дзіцем. Але ён першапачаткова хацеў гуляць у "Барсе", і я спадзяюся, яго мара хутка ажыццявіцца. Тым больш, яго там чакаюць.

Гэтае дзіця ні хвіліны не бавіць без мяча, кажа Шумета, і ў гэтым галоўны сакрэт Аляксея.

А яшчэ ў яго характар дарослага футбаліста. Ён вельмі валявы, зламаць яго немагчыма. Ён псіхічна вельмі ўстойлівы, а псіхіка грае вялікую ролю ў фармаванні футбаліста. Ён вельмі сацыяльнае дзіця, лёгка знаходзіць агульную мову з усімі — можа вытрымліваць цяжкасці інтэграцыі, мовы, розніцу ў стылі футбола і школ. І ён бярэ на сябе каласальную адказнасць за ўсю каманду.

Лёша звярнуў на сябе ўвагу каля пяці гадоў таму, калі на адкрыцці фан-зоны да Чэмпіянату свету па футболе ў Мінску змог набіць мяч 12 тысяч разоў! Тады ён трэніраваўся ў футбольнай акадэміі мінскага "Дынама", а яшчэ хадзіў на заняткі па футбольным фрыстайле, боксе, барацьбе і плаванні!

Лёша гуляе ў нападзенні, а сваім любімым футбалістам яшчэ 5 гадоў таму называў Ліянэля Месі, пісала "Трыбуна". Так што не дзіва, што з усіх клубаў, дзе яго чакаюць, ён хоча абраць менавіта "Барселону".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі