10:53 У гістарычнай частцы Магілёва пачнуцца археалагічныя раскопкі

У гістарычнай частцы Магілёва неўзабаве пачнуцца археалагічныя раскопкі. Раскопкі вымушаныя, бо на месцы ўзвядзення адміністрацыйнай прыбудовы з кавярняй і крамай да будынку Магілёўскай вучэльні культуры з-за несанкцыяваных земляных работ ледзь не быў знішчаны культурны слой.
Цяпер будаўнічыя работы прыпынены, узгадняюцца дакументы для правядзення археалагічных раскопак.

Па словах загадчыка кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта доктара гістарычных навук Ігара Марзалюка, гэта тэрыторыя Шклоўскага пасада, гістарычнай часткі Магілёва.

Тут пачынаўся новы горад. На гэтым месцы ўжо знайшлі унікальныя рэчы, сярод якіх келіх XVII стагоддзя ў ідэальным стане. На яго дне - рэшткі зялёнай фарбы. У другім знойдзеным келіху -рэшткі вапны.

Паводле слоў Марзалюка, гэта "унікальнае месца і унікальны слой", бо тут адсутнічаюць перакопы. "Калі прыглядзецца, то відаць і дарэвалюцыйную брукаванку і брукаванку канца XVII стагодзя. Далей ідзе чорны слой XVII стагоддзя і мацярык XVI стагоддзя. Мы не дадзім знішчыць нашу гістарычную спадчыну, як у Гродне.

Тут суткамі дзяжураць людзі. Зранку я, пазней прыходзяць мае студэнты і лабаранты. "Работы па раскопках, - дадаў прафесар, - мы будзем выконваць самі, але пад патранажам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук".

Падчас земляных работ была выкапана частка катлавана для будаўніцтва новага аб'екта. Праца была прыпыненая ў сувязі з тым, што замоўца не выканаў археалагічныя работы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі