Вы тут

“100% размеркаванне?”: Вы ж разумееце, гэта пажаданне. А ёсць закон

Фота: minsknews.by

“У гэтым годзе размеркаванне павінна быць 100%, — цытуе Белта віцэ-прэм’ера Васіля Жарко. — Ніякіх свабодных дыпломаў з прычыны адсутнасці месцаў для працаўладкавання быць не можа. Кожны кіраўнік персанальна адказвае за гэтую працу”.

Глядзім, каму раней давалі вольны дыплом і што для гэтага было трэба. У Нацыянальным тэхнічным універсітэце пажаданне Васіля Жарко выканалі яшчэ год таму: на апошнім размеркаванні — ніводнага вольнага дыплома, размеркавалі ўсіх!

Вольныя дыпломы Еўрарадые знайшло ва Універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, але пералічыць іх можна “на пальцах адной рукі”.

“Гэта звязана з сямейнымі абставінамі, у асноўным. Муж размеркаваны і недзе працуе, тады яго жонку да яго трэба. Калі там працы няма, то тады можа быць вольны дыплом”, — апісваюць у вядучым IT-універсітэце краіны.

Пачытаем “Пастанову аб размеркаванні”:

“Выпускнікам (мужу i жонцы), якія павінны быць накіраваныя на працу па размеркаванні адначасова, месца працы пры наяўнасці магчымасці прадастаўляецца ў адным населеным пункце. Выпускніку — мужу (жонцы), жонка (муж) якога накіраваная на працу па размеркаванні раней, месца працы пры наяўнасці магчымасці прадастаўляецца ў тым жа населеным пункце”.

Калі такога месца няма, то мужу ці жонцы могуць даць вольны дыплом. Таксама вольны дыплом могуць даць, калі прапанаванае месца працы не адпавядае спецыяльнасці.

“Віцэ-прэм’ер агучыў найлепшы варыянт, пажаданне пра 100% размеркаванне. Свабодны дыплом атрымліваюць па сямейным становішчы”, — абяцаюць у Мінадукацыі не зарбураць сем’і.

У 2017 годзе у Беларусі размеркавалі 26 тысяч выпускнікоў ВНУ. З іх працаўладкавалі 23 тысячы, паведамляе Белстат. Тры сотні выпускнікоў атрымалі свабодны дыплом.